Мікола МЯТЛІЦКІ. Вершы
– Толькі крыху падрасту –
Не адну прайду вярсту
І па моры, і па сушы.
А яшчэ – і ў космас рушу
На цудоўнай я ракеце.
Паспрабуй вось, дагані! –
Так Дзяніс
Даводзіць Свеце
Над каляскай
Дзень пры дні.
А сястра яго малая
Згодна галавой ківае.
Заўзята пра брата
– А на моры-акіяне,
Дзе тайфун суровы спее,
Раптам вынырне ў тумане
Бераг Новае Гвінеі.
Быццам з мора ускіпае,
Густа джунглямі парос.
На пясок яго ступае
Мой старэйшы брат –
Матрос!
І, бястрашны, зухаваты,
Проста ў нетры крочыць ён.
А наўкол – адны піраты
І, канечне, – Рабінзон.
Барадач які! Вядома,
З ім сустрэцца кожны рад.
Безупынку чэша Сёма:
Во, які ў яго ёсць брат!
Ніва
Светланосна, гаманліва,
Сонца цешачы пагляд,
Красавала-ззяла ніва.
Абыходзіў ніву
Град.
Вецер крочыў шапатліва,
Хмара хмурыла брыво.
Залацела-спела ніва.
Спёкай дыхае
Жніво.
Рачулка
– Рачулка, рачулка,
Булькочаш ты гулка
У лозах вясной.
Чаму ж, як спякотна,
Зусім неахвотна
Гаворыш са мной?
– Сон сумны зноў сніцца,
Нялёгка бруіцца
Пад шатамі мне:
Асмягла крыніца,
Змялела вадзіца,
Каменне на дне…
Чаму кукуе зязюля
Вы не раз, напэўна, чулі
Кліч настойлівы зязюлі?
Ці то вечар, ці то ранне –
Не змаўкае кукаванне:
“Ку-ку, ку-ку…” –
Над ракою…
Значыць што ж яно такое?
“Ку-ку, ку-ку…” –
Зноў чуваці
Па вясне – у лесе, полі.
Так зязюля кліча маці,
Што не бачыла ніколі.
Абібок
– Хто такі ён, абібок?
– Гэта, пэўна, Калабок.
Ён у хмурыя лясы
Збег ад бабкі да лісы
І, круцель, вяртун такі,
Сам сабе аббіў бакі, –
Адказаў так Ігарок
На пытанне мамы,
Хоць у ложку
Абібок
І ляжаў той самы.