Далонькі з пушынкамі
Уладзік зайшоў на кухню і моўчкі сеў за стол. На кухні смачна пахла: бабуля пякла блінкі. Але Уладзік незадаволена нахмурыў бровы.
– Хочаш блінок? – спытала бабуля. – Для цябе пяку!
Яна стаяла каля пліты і не бачыла, што ўнук хмурыцца.
– Не хачу! – незадаволена адказаў Уладзік.
Бабуля зняла з патэльні апошні блінок і падышла да ўнука. Яна ласкава пагладзіла яго па галоўцы.
– Не трэба! – зноў незадаволена сказаў Уладзік і, матлянуўшы галавой, скінуў бабуліну руку.
– Чаму ж не трэба?.. – сказала бабуля ўсміхаючыся. – Я ж цябе люблю…
Яна села побач на крэсла.
– Ну, што здарылася?
“Што здарылася, што здарылася?!. – сярдзіта падумаў Уладзік. – Нічога не здарылася!” І праўда: нічога не здарылася. Яму проста стала сумна. Нядаўна ён хварэў, і таму пакуль сядзіць дома. Вось яму і сумна.
– А ты мяне любіш? – раптам спытала бабуля.
Уладзік, насупіўшыся, упарта маўчаў.
– Пагладзь мяне па руцэ, – папрасіла бабуля і паклала сваю руку на стол. – Калі ласка…
Уладзік сціснуў рукі ў кулачкі і схаваў іх за спінай.
– А, разумею… У цябе на далоньках, мусіць, выраслі злыя калючкі, і ты баішся мяне падрапаць? – сказала бабуля.
– Няма ў мяне ніякіх калючак! – запярэчыў Уладзік. Але неяк не надта ўпэўнена запярэчыў.
– Давай праверым! – прапанавала бабуля. – Ану, пакажы свае далонькі!
Уладзік трохі павагаўся, але ўсё ж такі дастаў рукі з-за спіны і расціснуў кулачкі. Яму і самому хацелася паглядзець, ці не выраслі на яго далонях калючкі ад таго, што ён чамусьці сярдуе на бабулю.
– Ура! – узрадавалася бабуля. – Аніякіх злых калючак у цябе няма, і ты можаш смела пагладзіць мяне па руцэ!
Яна сама ўзяла руку Уладзіка і правяла ёю па сваёй.
– Ды ў цябе далонькі не з калючкамі, а з пушынкамі! – усклікнула бабуля.
– І пушынак аніякіх у мяне няма! – сказаў Уладзік, але ўжо зусім не сярдзіта.
– Як гэта няма? – здзіўлена спытала бабуля. – А чаму ж тады твае далонькі такія пяшчотныя і ласкавыя?
Уладзік памаўчаў, а потым сказаў:
– Таму што я таксама цябе люблю.
Тамара БУНТА