Упершыню ў “Вясёлцы”
Пятница, 30.10.2015 10:37. Рубрика: Вершы
Валянцін ШВЕДАЎ
Наш Арцём амаль што плача:
Не рашаецца задача.
Тры шпакі сядзяць на дроце,
А чатыры – у палёце.
Колькі птушак усяго?
Не выходзіць у яго.
Сяргей МАХНАЧ
Гузiкi
Мой шчанюк – гарэза Тузік –
Мне адгрыз учора гузік.
І цяпер у Тузіка
Ёсць чатыры гузікі.
Вочкі, носік – раз, два, тры,
А чацвёрты – унутры.
Арэлi
Мы паселі на арэлі,
Паляцелі праз нябёсы,
Сонцу ў вочы паглядзелі,
Раскудлачыў вецер косы.
Птушкі побач – ім цікава,
Але ж нам вяртацца трэба.
Пагайдала нас на славу:
Аж з-пад ног сыходзіць глеба!
Цукеркi
Я на крэсла ўзняўся смела,
Па цукеркі я палез:
Нешта ў вазе зіхацела,
Сілкавала інтарэс.
Крэсла хруснула імгненна,
Пахіснулася. Лячу…
Вам, сябры, скажу сумленна:
Больш цукерак не хачу!