У восеньскiм лесе
Зайцу Елачка сказала:
— Сёння лес я не пазнала.
Восень пэндзлікам наўкола
пазалаціла ўсё натхнёна.
Пальчык аб мяне ўкалола
і пакінула зялёнай.
Асіна
— Што за дрэўца на мяжы
кожным лісцікам дрыжыць? –
Запытаўся тата ў сына
і пачуў: — Гэта — асіна!
Сасна
Ліска ранкам ля крыніцы
начапіла завушніцы,
а Янот смяецца нішкам:
— На вушах у Ліскі шышкі.
Вось абновы дык абновы!
Пах у завушніц сасновы.
Каштан
— Назбірай сабе каштанаў, —
дзед звярнуўся да Агнешкі.
— Не, збіраць я іх не стану,
гэта для дзікоў арэшкі.
Ясень
У лесе Тома з Асяю
спыніліся пад ясенем.
І, нібы веер адмысловы,
у кожнай – лісцік ясянёвы.
Граб
Толя кажа тату: — Каб
зрабіўся пальмаю наш граб,
быў бы ён у свеце знаны,
бо раслі б на ім бананы.
Ліпа
Над бярлогай лісця кіпы,
абляцела яно з ліпы.
А наўкола пахне мёдам,
бо паблізу пчол калода.
І спакойна спіць Мядзведзік –
добрыя ў яго суседзі.
Каліна
Сініцы ўсеялі галіны.
Іх цешаць ягады каліны,
бо калі прыйдуць халады,
не застануцца без яды.
Рабінка
— Паглядзі на ўзгорак, сынку,
не пазнаць, дальбог, рабінку.
— Так, — сказаў матулі Гоша, —
бы ў сукеначцы ў гарошак.
Вяз
Здаецца, што вясёлы вяз
у твані восеньскай увяз.
І не раіць мама Тані
падыходзіць да той твані.
Бяроза
Шустры Вожык пад бярозай
горкія глытае слёзы.
На іголках – спрэс лісткі,
і ўсе пытаюць: — Хто такі?
Жыхары лясных дарожак
не пазнаюць, што гэта – Вожык.
Таполя
— Стаіць тужлівая таполя,
таму што летам, — кажа Толя, —
з Алегам бачылі мы ўдвух,
стаў аблачынкай яе пух.
Клён
Зубр стары з лісткоў кляновых
вырабіў сабе карону.
Ён цяпер сапраўдны цар –
ляснога царства валадар.
Каб не залатая восень,
зрабіць карону ці ўдалося б?!
Вольха
Каля возера бабры
не хаваюцца ў нары.
Лепшае няма аховы
ім, як зараснік альховы.
Дуб
Перад адлётам самым Буся
у дуброве апынуўся.
І здзівіўся: што ні крок –
пад нагамі – жалудок!
Імі захапляўся шчыра
і адзін узяў у вырай.
Раіса Баравікова