Лічылка
Вторник, 20.10.2015 08:29. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Літара Л прыдумала лічылку:
– Ляцелі лебедзі каля лесу. Люлялі на крылах ліліпутаў. Ледзь селі лебедзі на лузе – сталі лічыць ліліпутаў:
– Ліначка, Леначка, Лісачка,
Лушачка, Лорачка, Лерачка,
Лаўрэнка, Лашурка, Лаконка.
А дзе наш любімы Лявонка?
Пабегла Л да лавачкі, дзе гулялі Люба, Лёня, Ліля, Лера, Лёва, Лора, Лона, Лена, Ліна, Луша.
Люба люляла ляльку Алісу.
Лёня лавіў ластаўку.
Ліля і Лена палівалі маладую ліпку.
Лера і Ліна ляпілі з гліны лася.
Лёва “лётаў” на легкавіку.
Лора лячыла лайку.
Лона карміла ліску.
Луша біла лынды.
Падбегла да іх літара Л, хваліцца:
– Лічылку вясёлую прыдумала.
Л паставіла ланцужком дзяцей і пачала лічыць сваёй лічылкай.
Весела гулялі.