Забаўлянкі
Ля акна сінічка
Лётае, як знічка,
Што зляцела з неба
Да кармушкі з хлебам.
Варона і карона
Каркае варона:
“Дзе мая карона?”
Адказаў ёй вецер,
Што лятаў па свеце:
“Сёння ў кроне клёна
З золата карона!”
На двары
На двары маім кастрычнік.
Слуп стаіць, нібыта клічнік.
Дрэвам быў той слуп калісьці,
Бо наўкол – шматкроп’ем лісце…
На кухні
Зноў на кухні ў нас парадак.
І мая матуля рада,
Бо ўсяго на кухні многа.
Лішняга няма нічога.
Толькі я не весялюся,
Ціха сам сабе злуюся:
“Што мне міскі і талеркі?
Дзе ж цяпер ляжаць цукеркі?!”
Сняжынкі
Лётаюць сняжынкі,
Быццам бы пушынкі
З беленькай падушкі,
Што збіралі птушкі –
Снегіры, сінічкі –
Для малой Снягуркі,
Як сваёй сястрычкі.
Раніца
Раніцай пад вокны снегіры
Мне прынеслі кропелькі зары.
А пазней – снягір вялікі – сонца
Зазірнула да мяне ў аконца.
Кот
Кот – у хаце гаспадар.
Ён схаваў кудысь “Буквар”.
І я ў школу не пайду
На зло нашаму кату.
Віктар ШНІП