Ліст да «Бусі»
Прывітанне, наш дарагі дружа “Буся”!
Пішуць табе твае новыя сябры — вучні 2 “А” класа гімназіі № 1 г. Свіслачы.
У прошлым годзе мы з нашай першай настаўніцай Аленай Уладзіміраўнай пачалі вывучаць усе школьныя прадметы на беларускай мове. Грамату вывучылі па “Буквары” Анатоля Клышкі. Хочам праз твае старонкi перадаць яму вялiкi дзякуй за змястоўны падручнік і з нагоды юбілею — самыя сардэчныя пажаданні: моцнага здароўя, творчых поспехаў і для нас напісаць яшчэ шмат цікавых кніжак на роднай мове. Ведаеш, Буся, а замацоўвалі свае веды мы па вершах і апавяданнях, змешчаных на тваіх старонках. Ты- наш надзейны памочнік у авалоданні беларускай мовай. Увесь наш клас вельмі чакае твае новыя нумары. Хочацца, каб на тваіх старонках было яшчэ больш займальных заданняў, крыжаванак і новых конкурсаў для нас — дзетак-беларусаў. Будзем вельмі рады новай сустрэчы з табой! Да пабачэння! На памяць высылаем сваё фота.
З павагай і ўдзячнасцю, вучні 2 “А” класа гімназіі № 1 г. Свіслачы і класны кіраўнік Алена Уладзіміраўна Таўканіца