Любімая Беларусь
Лексiка, арфаграфiя i пунктуацыя аўтара захаваны
А ці задумваліся вы, хоць калі, у якой прыгожай краіне мы жывём? Ці ведаеце, што яна самая лепшая і прыгажэйшая ў свеце! І як пашчасціла нам нарадзіцца менавіта тут і менавіта ў гэты самы час! Пад мірным небам. Вось якраз і пра неба, яно ў нас блакітнае і бяздоннае. Прасціраецца ва ўсе бакі над бяскрайнымі лясамі і ні хмурынкі на ім. А калі дзе з’явіцца якое воблачка, дык плыве сабе павольна і любуецца з вышыні прыгажосцю, а то і зусім, спыніцца над якім небудзь возерам і пазірае ў вадзяную гладзь, прыхарошваецца. А азёр у нас безліч і яны такія ж блакітныя, як і неба. А колькі цікавага можна ўгледзіць з нябеснай вышыні! Нездарма да адной хмаркі, набягаюць яшчэ сяброўкі, пачынаюць ціснуцца адна да адной, а потым і пасварацца. Заблішчаць маланкі, пацямнее наваколле і залыніць цёплы дожджык. Пабяжыць дробная рабізна па вадзе. Заб’юцца хвалі аб бераг ад парыву ветрыка. Усё сцішыцца навокал і толькі недзе ў чароце па чарзе, на розны лад, завядуць песню жабы. Хораша пасля дзённай спёкі. Лупяць буйныя кроплі па спіне, а ім хоць бы што! Сядзяць сабе і не варушацца, толькі лыпаюць круглымі вочкамі, ды шчокі дзьмуць. Ведаюць, што летні дожджык хоць і спорны, але кароткі. Пройдзе некалькі хвілін і разбягуцца хмаркі ў розныя бакі, паплывуць далей у сваё падарожжа.
А па берагах, ужо і рыбаловы з вудамі, быццам тыя грыбы павылазяць. А шчупак тут як тут! Хвастом плешча па вадзе, толькі кругі ў розныя бакі разбягаюцца. А то і зусім, разгоніцца, ды як падскочыць над вадой, быццам ляцець сабраўся. Крутане хвастом, падражніць рыбаловаў, і зноў у вадзяную глыбіню нырне. Хораша яму там у цёплай вадзе і відаць добра, што на беразе робіцца. Сядзіць сабе і пасмейваецца над рыбакамі.
Ціха, толькі недзе ў далечыні качкі кракаюць. Пасля дажджу ціну да берагоў прыбіла, вось і збіраюць, завіхаюцца, чуваць нават як па вадзе насамі боўтаюць. Назбіраюць поўную дзюбу, а потым галаву к верху задзіраюць і глытаюць сваё снеданне.
А ў чароце зноў неспакойна, пара буслоў спусцілася, і каля берага на адной назе застыла. Сочаць пільна, што там адбываецца. А там ўжо нічога і не адбываецца. Жабы сцішыліся, быццам і не спявалі ніколі. Пахаваліся ў ваду адны галовы тырчаць.
А малыя бусляняты з гнязда за бацькамі цікуюць, чакаюць свайго часу. На самой верхавіне дуба гняздо. Акуратна з галінак пабудавана. З зямлі яго так адразу і не ўбачыш. Дуб-волат раскінуў сваё галлё ў вышыню і за зялёнымі лісточкамі буслінае гняздо. А дуб і сапраўды волат, такія магутныя прыгажуны, толькі ў нашай краіне растуць. Аднаму чалавеку і не пад сілу яго абняць. Глыбока каранямі уваходзіць ён у зямлю і моцна трымаецца за радзімую, што ні адзін ураган яго не здолее. А побач з ім бярозкі месцяцца. Быццам дзяўчаты маладыя, саромеюцца асілка, толькі і чуваць, як сваімі косамі шамацяць і амаль да самога долу скланяюцца пад напругай ветрыка. Вось красуні! На нашых беларускіх дзяўчат падобны. Толькі, што косы не русыя, а зялёныя. А ў астатнім дык такія ж белатварыя і чарнабровыя. Нашы беларусачкі самыя прыгожыя ў свеце! Як цудоўна яны спяваюць, калі водзяць карагоды ў Купальскую ноч! Плятуць вяночкі, а потым пускаюць іх па рацэ. І плывуць вяночкі па вадзе ў пошуках свайго лёсу. А іншы хто пойдзе ў лес папараць-кветку шукаць і шукае да раніцы, толькі ногі пазбівае, ды так нічога і не знойдзе. А кветка тая ёсць у лесе, але ніхто яе не бачыць ў такія дні. Толькі на Івана Купалу можна ёй палюбавацца і свой лёс уведаць. Але ж не кожнаму хопіць адвагі ноччу па лесе ў пошуках кветкі блытаць, калі яе усякія нячысцікі аберагаюць. Як бы там ні было, а ўсё ж ёсць такія людзі якім пашчасціла. Хачу заўважыць, што кветка гэта, толькі ў нашых беларускіх лясах расце і больш вы яе нідзе не знойдзеце, а калі і патрапіце дзе, то не такую прыгожаю як нашу. Бо яна увабрала ў сябе ўсю прыгажосць нашага беларускага краю. Блакіт неба, сінь азёр, бялізну пралесак, рунь хвой і елак, кроплю чысцюткай празрыстай расы і трохі шызай смугі, якая сцелецца кожную раніцу над роснай зямлёй.
Ці мелі вы шчасце бегаць па расе босымі? Недзе за гарызонтам прачнулася сонейка, ледзь-ледзь паказалася над лесам ружовая палоска. Неба пасвятлела і ноч хуценька спяшаецца на другі бок зямлі.
Няўмела, але вельмі ўпэўнена і бадзёра крычыць малады певень. У гушчары прыбярэжнага хмызняку заліваецца салавей. Рассейваецца пакрыху смуга і ў кроплях начной расы зіхацяць першыя промні сонейка. Паволі ступае босая нага ў траву. І ты хуценька крочыш наперад, каб не стаяць на месцы. А праз хвіліну разумееш, што прыемная прахалода прыдае твайму целу бадзёрасць і настрой. Нават хочацца пабегаць, як некалі ў дзяцінстве. Бывала, бяжыш раніцай з дому без абутку, росна і дрыжыкі па целе. А вяртаешся назад ў дзень і ступіць нельга, бо пясок гарачы, так і пячэ падэшвы.
З раніцы пойдзеш у лес, ледзь толькі развіднее, бо ў вёсцы, толькі ў такі час і ходзяць, пакуль спёкі няма. І акунаешся нібы у казку якую. Цішыня. Ні гулу машын, ні трактароў, ні гаворкі. Дзесьці паблізу стукае дзяцел. Звернеш з дарогі ў гушчар і ногі правальваюцца ў мяккі мох, быццам персідскі дыван пад нагамі. Кранеш галінку і зверху на цябе кроплі вады сыплюцца. Падымеш галаву ўверх, каб зноў чаго добрага, не патрапіць пад дождж, а там на цябе з цікаўнасцю маленькія вочкі вавёрачкі пазіраюць. Хто такі? Чаго трэба? А потым круць і хвастом віль. Глядзіш, а яна ўжо даўно на суседнім дрэве. Зноў за табой цікуе. А калі задумаешся часам, то можна і на соннага зайца нарвацца. Як шмыгне з хмызняку, толькі яго і бачылі, а ў самога ледзьве сэрца ад спуду не спыняецца. Зайчыкі – прыгажуны нашага лесу. Хоць і баязлівыя, але вельмі пацешныя, асабліва калі ўцякаюць. Заднія лапы абганяюць пярэднія. Вушы прыхіліць да цела, вочы глядзяць немаведама куды ад страху, а сам чэша не разабраўшыся, хоць бы куды. Другі прыгажун нашага лесу – лось. Статны звер і вядзе сябе паважна. Калі напаткаеш яго, то не чакай, што ён кінецца на ўцёкі. Скарэй самаму прыйдзецца ўцякаць, як таму зайцу. Акіне ён цябе вокам, быццам аддаўжэнне робіць, падумае крыху і знікне ў гушчары. Толькі вецце закалышыцца. А ты стаіш і думаеш – сон гэта, ці не?
А калі сцішышся і прыслухаешся да гукаў лесу, так добра на душы становіцца, аж спяваць хочацца. Шумяць верхавіны дрэў у вышыні размаўляюць між сабой, і здаецца ты чуеш як хвалі марскія аб бераг удараюцца. А ў дабавак лес птушынымі песнямі поўніцца. Як прыгожа шчабечуць нашы птушачкі! Здаецца слухаў бы і слухаў! Перазімуюць за морам у цёплых краінах і ў родны кут ляцяць, каб дзяцей сваіх на радзіме выгадаваць. І песні свае цудоўныя, толькі ў родных лясах спяваюць. Завядуць пошчакі і да раніцы. Сядзяць на галінках, круцяць сваёй галоўкай і льецца чароўная песня і ў кожнай птушкі свая. І славяць яны сваю радзіму, родныя палі, лясы і крынічкі.
І сапраўды з вышыні птушынага палёту, так прывабна выглядаюць нашы нівы, каласіцца збожжа і цягне ад яго прыемнай цеплынёй. На лугах кветкі красуюцца, пчолы завіхаюцца, шэршні гудуць, матылі пырхаюць. А касцы сена косяць. Спраўна нашы хлопцы гэта рабіць умеюць, бо беларусы самі па сабе народ працавіты і любая справа ў іхных руках гарыць. А дзяўчаты з граблямі следам ідуць. Бо сена, як кажуць, на граблях сохне. А пах які! Як пахнуць травы! Бухнешся стомлены дзённай працай у капну, заплюшчыш вочы, а водар сухога сена, так і казыча нос. Але ж смага морыць, мусіш устаць і да крынічкі, што ў гушчары спусціцца. Пад раскідзістымі вязамі цурчыць раўчук, а побач у траве крынічка схавалася. Б’е халодны ключ цудадзейнай жывой вадзіцы з самых нетраў зямлі. А побач кубак вісіць і лазой край берага аплецены. Бо шануюць нашы людзі і з павагай да такога дару прыроды адносяцца. Вада – наш скарб. І менавіта наша Беларусь самая багатая на азёры, рэкі, балоты і крынічкі. Добра тут хавацца ад летняй спёкі і слухаць як гамоніць гарэзлівы раўчук з крынічкай. Кроны дрэў робяць цянёк. Утульна тут і халодны ветрык абдзімае прыемна цела. Стомленасць быццам рукой знімае.
Глянеш уверх, а там чыстае неба і тыя самыя хмаркі праплываюць, ледзь не чапляюцца за верхавіны елак і вяза. Мусіць абляцелі ўвесь свет і зноў вярнуліся да родных палёў, лясоў і рэк. Бо менавіта нашы гаі, лугі і азёры самыя прыгожыя ў свеце! І куды б ты ні паехаў і не паляцеў, родныя карані цягнуць дадому ў родную Беларусь, бо яна самая цудоўная і прыгожая краіна ў свеце!
Галіна Пярун