Труба
Маленькая сімфонія
На высокай гары і над лесам магутным узвышаўся вялізарны шэры замак. Жоўтыя сцягі хісталіся ад ветру на яго высокіх вежах. А вакол атачаў яго шырокі і глыбокі роў.
Карэта, запрэжаная чатырма коньмі, неслася спачатку праз лес, а пасля лугам, дзе і адкрыўся маленькаму пасажыру шыкоўны від на замак. Хлопчык быў там асаблівым госцем: сёння яго бацька стане каралём, а ён – маленькім прынцам. Раптам пад’ёмны мост праз роў пачаў апускацца, а паветра пранізалі ўрачыстыя, моцныя высокія гукі. Хлопчыку сказалі, што гучаць фанфары – так вітаюць каралёў, прынцаў і вельмі важных гасцей.
Фанфары выкарыстоўваліся для падачы сігналаў у Сярэднявеччы. Фанфара – гэта продак сучаснай трубы. Сёння труба – самы высокі па гучанні інструмент з групы медных духавых. Мабыць, вы ўжо здагадаліся, што яе робяць з медзі, а пасля пакрываюць тонкім слоем срэбра або золата. Труба складаецца з мноства выгнутых трубак, трох клавіш, якія нагадваюць гузікі на ножках, мундштука і раструба. Мундштук устаўляецца ў трубу перад ігрой, а пасля вымаецца. Трубы бываюць рознага памеру, ад гэтага і залежыць тэмбр інструмента. Музыкант прыкладае да мундштука вусны і ўдзімае ў трубу паветра. Яно праходзіць праз увесь інструмент, а выходзіць з раструба гук – моцны, гучны, яскравы. Нізкі гук мае матавую афарбоўку.
У сімфанічным аркестры мы чуем трубу (або некалькі труб), калі музыка дасягае найвышэйшай кропкі развіцця, а тэмбр гэтага інструмента надае ёй новыя рысы характару.
Вальжына ПРОХАРАВА