Вечныя кветкі
Дзядуля Янка любіць наведвацца ў бібліятэку. Не так рупіць паглядзець кнігі ці свежыя газеты, як цягне яго само месца, дзе стаіць бібліятэка. Вабіць яшчэ з пасляваеннага дзяцінства. Там, дзе цяпер бібліятэка, да вайны стаяла школа. Казалі, прыгожая была, двухпавярховая.
Школа згарэла ў вайну. Папялішча з усіх чатырох бакоў акружалі кусты бэзу, ружаў, шыпшыны. А ў двары, на колішніх клумбах, ва ўсю раскашавалі вяргіні і касачы. Касачы цвілі і жоўтымі кветкамі, і сінімі. Можна было толькі дзівіцца, як ацалела ўся гэтая прыгажосць ад пажару.
Атожылкаў кветак хапала ўсім, колькі іх ні выкопвалі. На кожны наступны год, глядзіш, яны ўжо зноў ёсць. Мусіць, нейкая спагадлівая, шчадрэйшая, чым дзе, была тут зямля. Неўзабаве каля кожнай хаты з’явіўся свой кветнік. А школьныя клумбы больш ніхто не даглядаў – яны дзірванелі, і кветкі на іх адміралі. Адны толькі касачы ніяк не хацелі здавацца. Раслі і квітнелі яны і тады, калі на школьным падмурку пабудавалі клуб з бібліятэкай.
Цяпер з вуліцы да бібліятэкі вядзе сцяжынка. Даўно ўжо не бачна на былых клумбах мужных касачоў. Усё-ткі не ўстаялі, і іх заглушыла трава.
Нядаўна дзядулю зноў захацелася пахадзіць па бібліятэчным двары, сам-насам пабыць са сваім далёкім, але па-свойму мілым дзяцінствам. Здавалася, у ім ніколі не было ні голаду, ні холаду, ні роспачных крыўдаў – толькі прыгожыя кветкі, якія раслі тут. Ён прыпыніўся на ўтравелым пляцы. Цяпер тут цвілі іншыя кветкі – рамонкі, падбел, зязюльчыны слёзкі…
I раптам дзядулю падалося, што ў траве нешта засінела. Дзядуля падумаў, што гэта кінутая некім сіняя абгортка ад цукеркі. Расхінуў траву – і аж пацямнела ўваччу: гэта сапраўды была кветачка, хоць і бледна-сіняя. Касач! Выжыў. Столькі гадоў мінула, трава заглушыла, а ён здужаў, не здзічэў!
– Што вы там знайшлі? – раптам пачуў дзядуля знаёмы дзявочы голас.
Павярнуўся і ўбачыў суседку Зосю.
– Ды вось касача знайшоў, – прастадушна прызнаўся дзядуля Янка.
– Касачы? Тут? У гэтай траве? – здзівілася Зося.
– Іх тут некалі было многа. Дык вось адна кветачка выжыла, засталася.
– Ой, я ж так хацела завесці сабе касачоў, ды нідзе не натрапіла, – пажалілася Зося. – Вы б, можа, аддалі гэты касач мне, я перасаджу яго ў свой гародчык, а потым і вам дам на развод.
Дзядуля з радасцю дапамог Зосі выкапаць і пасадзіць касача, і адразу на душы ў яго стала лёгка і спакойна, быццам зрабіў самую важную ў сваім жыцці справу.
Іван СТАДОЛЬНІК
Вельмi спадабалася апавяданне!!!!Дзякуй вялiкi!!!