Авечкі-вандроўніцы
Дзве авечкі, дзве сяброўкі,
Набылі сабе пуцёўкі.
Спакавалі ўсе валізкі –
Шлях чакаў зусім няблізкі:
На тралейбус, на трамвай –
Толькі скочыць паспявай.
На цягнік, на самалёт,
А пасля – наадварот…
– У дарозе вам, авечкам,
Можа быць і небяспечна, –
Так казаў парсюк стары,
Хоць і быў без барады.
Толькі нашыя сяброўкі
Не баяліся вандроўкі.
– Мы, – авечка адказала, –
Узялі з сабой нямала,
І таму спакойна едзем
Да знаёмага мядзведзя.
– Швэдар, шалік, кажушок,
Нават пральны парашок.
– Лепей сем адзежак мець,
Каб пасля не захварэць.
Паглядзеў парсюк на іх
І ад зайздрасці прыціх.
Тут у гучны мікрафон
Нехта голасна зароў:
– Тых шаноўных пасажыраў,
Што ляцяць аж да Алжыра,
Просім падысці да выйсця,
Дзе на шыльдзе дуба лісце.
Хто кіруецца на Кракаў,
Просім да натоўпу ракаў.
Хто ў Грэнландыю ляціць –
Хай ля вусеня стаіць.
Ўсе рыхтуюць пашпарты,
Ну а мытнікі-краты
Даглядаюць, правяраюць
і “Шчасліва-а-а!” ім жадаюць.
Занялі ўсе свае месцы,
Ў самалёце троху цесна.
Сцюардэса і сцюард
Прапануюць мармелад.
Кірля – сёння наш пілот –
Ў неба пусціць самалёт.
Вольга Гапеева