Птушкі ў хаце
З бабуляй і Алькай мы прыехалі ў вёску вясной, калі на дварэ яшчэ добра не падсохла. Але было цёпла і сонечна. На нашым агародзе пры вуліцы раслі старая бяроза і тоўсты разложысты клён. На дрэвах свісталі шпакі, якія толькі што вярнуліся з выраю, каркалі вароны і галкі. Птушкі з дрэў пераляталі на комін, насілі ў дзюбах салому, дробныя бярозавыя галінкі – рабілі гняздо.
Алька, наша ўнучка, была яшчэ маленькая, але ведала ўжо, што кляновы сок вельмі смачны. I ўсё падганяла мяне:
– Дзеду, хутчэй, хачу соку…
Бабуля дастала з сумкі ключы, адамкнула сенцы і пайшла ў хату. За ёй – Алька, за Алькай – я. I тут штосьці чорнае раптам зашумела, залапатала. У пакоі зрабілася цёмна. Здавалася, нейкі чорны віхор закружыўся ў хаце. Потым нешта стукнула ў акно, пасля – у другое. Зазвінела шкло…
– Ой, авечкі! – немым голасам закрычала бабуля. – Чорныя авечкі…
Алька спалохалася, прыціснулася да мяне.
– Ціха, гэта – птушкі, – прыгледзеўшыся, супакоіў я абедзвюх, старую і малую.
– Ой, птуські, – здзівілася Алька. – А як жа яны сюды паналазілі?..
Аказваецца, вецер сарваў рашотку, якой я накрываў комін, і галкі пачалі рабіць у ім гняздо. Іх, відаць, набілася туды шмат, дзверцы ў коміне адчыніліся, і ўсе галкі павывальваліся ў хату, на святло. Пасля іх налезла яшчэ болей, а назад, у цёмны комін, вярнуцца яны не маглі. I, прагаладаўшыся, кружыліся па хаце, біліся ў вокны.
Доўга я тады лавіў галак, выносіў на двор. Алька ўсё глядзела на мяне і гаварыла:
– Дзеду, птуські…
Яна і цяпер, калі падрасла, часта смяецца:
– Дзеду, гэта былі галкі, а бабуля думала – авечкі.
Віктар ДАЙЛІДА