Якасць адукацыі з новым падтэкстам,
або Чаму школьныя адзнакі не заўсёды пацвярджаюцца незалежным ацэньваннем?
Ці з’яўляецца якасць адукацыі для сталічнай сістэмы адукацыі самай вострай праблемай? Калі абапірацца на традыцыйныя індыкатары (колькасць пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, вынікі ЦТ, конкурс у гімназіі і г.д.), то хвалявацца кіраўнікам галіны быццам бы не выпадае. Але ёсць і іншы бок медаля. І пра гэта ішла гаворка падчас жнівеньскага форуму педагагічных работнікаў сталіцы, які вызначае кірунак развіцця сістэмы адукацыі на бліжэйшы навучальны год.
Вучыцца — заўсёды гатовы! 32-я сталічная школа прыняла першых вучняў.
На цяперашні момант у Мінску дзейнічаюць 49 гімназій і 2 агульнаадукацыйныя ліцэі. Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК агучыў наступныя лічбы. Конкурс сярод ахвотных стаць гімназістам склаў у сярэднім па горадзе 1,4 чалавека на месца. Самы высокі конкурс быў зафіксаваны ў славутай 41-й гімназіі. Сярэдні бал тых, хто паступаў, склаў 50,4. У 34-х гімназіях прахадны бал аказаўся вышэйшым за сярэдні па горадзе. У гімназіях з беларускай мовай навучання сярэдні бал перавысіў 40.
Амаль палова тых, хто здаваў экзамены ў гімназію, атрымалі па рускай і беларускай мовах 10 балаў. Па матэматыцы на «дзясятку» здалі экзамен больш як траціна. Сярэдні конкурс у сталічныя ліцэі склаў 1,7 прэтэндэнта на месца.
Рух наперад ці адкат назад?
Сярод вучняў 11-х класаў школ на экзамене па замежнай мове адзнакі ад 7 да 10 балаў атрымалі 74,5% ад агульнай колькасці выпускнікоў.
— Выдатная лічба. Зыходзячы з таго, што ў аснову вывучэння замежнай мовы зараз пакладзены камунікатыўна-арыентаваны падыход, атрымліваецца, што тры чвэрці нашых выпускнікоў павінны дастаткова свабодна валодаць замежнай мовай і спакойна на ёй размаўляць. Але ж мы ўсе ведаем, што гэта не так, — падкрэсліў Міхаіл Мірончык.
Ад 7 да 10 балаў па беларускай мове атрымалі 68,3% выпускнікоў, па рускай мове — 52%, матэматыцы — 40% .
Па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання 15 сталічных устаноў адукацыі ўвайшлі у ТОП-100. Трыццаць працэнтаў стабальнікаў на ЦТ з’яўляюцца прадстаўнікамі сталіцы. Па сярэднім бале мінскія навучэнцы лідзіруюць на ЦТ па сямі дысцыплінах: гэта матэматыка, нямецкая і кітайская мовы, хімія, біялогія, геаграфія, гісторыя. Па выніках заключнага тура рэспубліканскіх прадметных алімпіяд мінскія вучні ўжо ў 16-ты раз захавалі за сабой першае агульнакаманднае месца. Прадстаўнікі сталічных устаноў адукацыі заваявалі 114 дыпломаў і 17 пахвальных водгукаў. Упершыню за апошнія тры гады назіраўся рост колькасці дыпломаў. Атрымалася павялічыць адрыў ад найбліжэйшых сапернікаў. Калі ў 2014 годзе ён склаў усяго 4 дыпломы, то сёлета — 25. Найбольшую колькасць дыпломаў на заключным туры заваявалі вучні гімназій №№ 41, 29, 1, 13, 24, 38 і сярэдняй школы № 73.
Істотны рывок з апошняга на першае месца ў рэспубліканскім рэйтынгу адбыўся па гісторыі і біялогіі. Затое было страчана лідарства па грамадазнаўстве, англійскай і французскай мовах.
— Ці задаволены мы гэтым вынікам? Нельга даць адназначнага адказу, бо, на жаль, акрамя руху па некаторых прадметах наперад, ёсць і адкат назад, — канстатаваў Міхаіл Мірончык. — У нас апошняя пазіцыя ў рэспубліканскім рэйтынгу па інфарматыцы, перадапошняя пазіцыя — па рускай мове. Вось ужо на працягу трох гадоў зніжаецца выніковасць выступлення на алімпіядзе каманды па фізіцы. Упэўнены, што сталічныя педагогі валодаюць дастатковым патэнцыялам для пераадолення гэтай сітуацыі…
Дзе «куюцца» перамогі?
Добра выступілі мінскія школьнікі гэтым летам і на міжнародных алімпіядах — у іх 18 узнагарод рознай вартасці. «Перамогі — гэта выдатна, але галоўнае, каб кожнае таленавітае дзіця было заўважана педагогам, і не проста заўважана, а каб з ім вялася сістэмная праца», — заўважыў Міхаіл Мірончык.
Старшыня камітэта па адукацыі лічыць, што задача заўтрашняга дня — улічваць пры ацэньванні якасці адукацыі не толькі ўсе вышэйпералічаныя крытэрыі, але і тыя, якія непасрэдна ўплываюць на грамадства, эканоміку і рынак працы. Гэта будуць прынцыпова новыя крытэрыі, і якасць навучання будзе наўпрост звязвацца з яго эфектыўнасцю. Ацэньваць якасць адукацыі з такой пазіцыі яшчэ трэба навучыцца.
Напрыклад, 27% з агульнай колькасці ўсіх пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды складаюць навучэнцы трох сталічных гімназій — 41-й, 20-й і 1-й. Гэтыя ж установы далі 57% пераможцаў міжнародных алімпіяд. І толькі 53% школ, якія маюць класы з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў, паказалі годныя вынікі на трэцім этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.
У сталіцы працуюць пяць гімназій з беларускай мовай навучання з самадастатковымі сістэмамі выхавання.
— Разумеючы аб’ектыўныя складанасці пры іх камплектаванні, горад даўно закрывае вочы на становішча беларускамоўных гімназій у агульным рэйтынгу, але, напэўна, ужо прыйшоў час сказаць, што мы чакаем ад іх пэўных вынікаў. Я маю на ўвазе ўдзел у алімпіядах, — патлумачыў Міхаіл Мірончык. — Каму, як не прадстаўнікам гэтых устаноў, займаць прызавыя месцы на алімпіядзе па беларускай мове? Бо менавіта там навучаюцца высокаматываваныя да вывучэння роднай мовы дзеці. А па факце ў трох гімназіях з пяці вынікаў няма.
Іван Арэхаў, вучань 4 «В» класа гімназіі №20, прадэманстраваў удзельнікам педагагічнага форуму сваю праектна-доследную работу «Выкарыстанне прыбора для дэзынфекцыі і абеззаражвання зубных шчотак у хатніх умовах».
Маніторынг — падстава для роздуму
Сёлета выпускнікі 11-х класаў упершыню здавалі экзамен па гісторыі Беларусі. Яшчэ зусім нядаўна педагогі канстатавалі, што пры вывучэнні гісторыі ў навучэнцаў узнікаюць пэўныя цяжкасці пры абагульненні інфармацыі, выяўленні прычынна-выніковых сувязяў, аналізе гістарычных дакументаў. А на выпускным экзамене па гісторыі Беларусі адзнакі ад 7 да 10 балаў атрымалі 68,7% вучняў — дзве трэці.
Але ёсць і іншая інфармацыя для больш глыбокага аналізу якасці адукацыйнага працэсу — гэта вынікі рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню навучанасці школьнікаў, які праводзіць Нацыянальны інстытут адукацыі. Удзел у ім прымалі і мінскія школьнікі.
— Скажу прама — тут ёсць над чым працаваць, — заявіў на форуме старшыня камітэта па адукацыі. —- Фарміраванне чытацкай падрыхтаванасці з’яўляецца галоўнай кампетэнцыяй для паспяховага авалодання асновамі ўсіх навук. Па выніках маніторынгу, з заданнямі, якія вымагаюць простага ўмення знайсці інфармацыю, справіліся 80% пяцікласнікаў і 65% васьмікласнікаў. З заданнямі, якія патрабуюць умення інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, аналізаваць і ацэньваць змест — адпаведна 40% і 29%. Вынікі гавораць самі за сябе, і нам ёсць над чым сур’ёзна задумацца.
З заданнямі кантрольнай работы па матэматыцы, якія адпавядаюць першаму ўзроўню складанасці, справіліся ў сярэднім 76% вучняў пятых класаў, з заданнямі другога узроўню — 78%, трэцяга — 16%, чацвёртага — 3% і пятага — 1%. Тэкставую задачу на дробы правільна рашылі толькі 4,7% дзяцей. Па словах Міхаіла Мірончыка, калі суаднесці гэтыя вынікі з вынікамі ўступных экзаменаў у гімназіі, то выснова напрошваецца толькі адна: «Мы «нашпігоўваем» нашых дзяцей на вынікі. Не працуем над фарміраваннем ключавых кампетэнцый, хоць і вызначаем гэты напрамак як адзін з прыярытэтных».
Увагі заслугоўваюць і вынікі маніторынгу па сусветнай гісторыі, які праводзіўся сярод шасцікласнікаў. З вучняў, якія атрымалі за 2013/2014 навучальны год па гэтым прадмеце адзнакі 9 і 10 балаў, толькі 35% правільна выканалі заданні другога і трэцяга ўзроўняў складанасці, 5,4% справіліся з заданнямі чацвёртага і 6,8% — з заданнямі пятага ўзроўню складанасці. На думку кіраўніка камітэта па адукацыі, гэта дастаткова ярка характарызуе ўменне або няўменне педагогаў правільна арганізоўваць дзейнасць вучняў і метадычна спланаваць урок.
А калі яшчэ і паглядзець на вынікі анкетавання саміх навучэнцаў, то карцінка атрымліваецца зусім сумная.
У сярэднім кожны другі вучань не задае настаўніку пытанняў, калі штосьці не зразумее ў ходзе тлумачэння на ўроку. Такая ж колькасць не выконвае ўсіх заданняў, прапанаваных настаўнікам. Кожны пяты (21,7%) няўважліва слухае настаўніка.
— Гэта выразна характарызуе ўзровень узаемадзеяння педагогаў з вучнямі, — упэўнены Міхаіл Мірончык. — Яшчэ і яшчэ раз пераконваемся, што якасць адукацыі — паняцце адноснае. Галоўнае, каб веды сталі добрым стартавым капіталам для выпускнікоў і дапамагалі ім упэўнена рухацца ў самастойнае жыццё.
Неаптымальная прапорцыя
З 2015/2016 навучальнага года на старшай ступені школы ўводзіцца профільнае навучанне. Па словах старшыні камітэта, горад да гэтага гатовы, але і фарсіраваць адкрыццё профільных класаў паўсюдна, у кожнай установе, у сталіцы не збіраюцца, як бы ні хацелася вярнуцца да маштабных паказчыкаў ахопу дыферэнцаваным навучаннем узору 2008 года.
Міхаіл Мірончык патлумачыў, што пры адкрыцці профільных класаў горад будзе арыентавацца не толькі на запатрабаванні вучняў і бацькоў. Ёсць яшчэ і патрэбы горада ў прадстаўніках розных прафесій, пэўная сітуацыя на рынку працы… Таму трэба больш актыўна ўплываць на фарміраванне профіляў і адукацыйнага заказу. У прыватнасці, менавіта гэтым прынцыпам у сталіцы кіраваліся пры адкрыцці педагагічных класаў.
У бягучым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі створаны 394 дзясятыя класы: з іх 189 базавых і 205 — профільных, у тым ліку 8 класаў профільнай скіраванасці (5 педагагічных, 2 прававыя і ваенна-патрыятычны). Найбольш запатрабаваным спалучэннем дысцыплін, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, сталі руская і замежная мовы (66 філалагічных класаў), фізіка і матэматыка (65 класаў), хімія і біялогія (16 класаў). У камітэце па адукацыі не лічаць такую прапорцыю аптымальнай і не выключаюць, што ў перспектыве яна будзе карэктавацца.
Вучні ў сеціве
І яшчэ на адзін важны аспект звярнуў увагу педагогаў Міхаіл Мірончык.
— Нярэдка наша выхаваўчае ўздзеянне ідзе ўслед за падзеямі, а не апярэджвае іх. Напрыклад, нашы дзеці даўно «жывуць» у інтэрнэце. Ім там прапануюць спайсы, вярбуюць у розныя дэструктыўныя арганізацыі, глыбока ўздзейнічаюць на дзіцячую псіхіку. Нават клуб суіцыднікаў там ёсць! І гэта толькі тое, што знаходзіцца на паверхні. На жаль, ні мы, педагогі, ні бацькі нічога пра гэта не ведаем. А часта спахопліваемся, толькі калі прыходзіць бяда: калі нашы дзеці выходзяць з акна, трапляюць у медыцынскія ўстановы пасля ўжывання спайсаў, уцякаюць з дому… У такіх сітуацыях уздзейнічаць на моладзь вельмі складана, а часам і немагчыма. Таму дзейнічаць трэба на апярэджанне, а для гэтага неабходна шырока абазначыць сябе ў сацыяльных сетках і весці там адкрыты дыялог з моладдзю. Мы ўжо некалькі гадоў пра гэта разважаем, а кола педагогаў і кіраўнікоў, адкрытых для нефармальных зносін у сеціве, застаецца вельмі вузкім. І мы па-ранейшаму далёкія ад сваіх вучняў, — канстатаваў старшыня Камітэта па адукацыі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Надзеі БУЖАН