Хлопчык пакідайчык
Клаўдзія Каліна
Жыў на свеце хлопчык. Звалі яго Пакідайчык. Звалі гэтак за тое, што кожны раз ён пакідаў недаедзены абед.
Сядуць дзеці ў дзіцячым садзе абедаць, усім смачна, а Пакідайчык сядзіць ды лыжкай у супе боўтае. Пададуць катлету, відэльцам пакалупае, пакалупае ды пакіне. Кампот і той не вып’е ўвесь.
І пачаў Пакідайчык худзець з кожным днём. Адзецца сам не можа, бегаць няма сілы, нават гуляць з дзецьмі перастаў, бо ад слабасці цацку ў руках не мог трымаць. І захварэў ён ад знямогі. Ляжыць на пасцелі, бачыць, як за акном сонейка свеціць, а з вуліцы дзіцячыя галасы даносяцца. Сумна Пакідайчыку ў хаце.
Даведалася бабуля ў вёсцы, што яе ўнук у горадзе захварэў, і паехала адведаць. Паглядзела на ўнука і ўздыхнула:
– Охо-хо-хо! Відаць, ты, унучак, ні разу не з’еў сваёй сілы, што так схуднеў.
– А як гэта, бабуля, можна сваю сілу з’есці? – спытаў Пакідайчык.
– Гэта, унучак, сакрэт. Хто яго не ведае, той заўсёды худзее і слабее. А хто ведае, той становіцца вялікім і дужым.
– Бабуля, міленькая, скажы мне той сакрэт. Ну, калі ласка! Я таксама хачу быць здаровым і дужым.
– Добра, унучак, скажу. Толькі ведай, сілу нялёгка знайсці, яна заўсёды хаваецца ад чалавека.
– Я знайду яе, бабуля, толькі скажы: дзе яна?
– Сіла тая хаваецца заўсёды ў апошняй крошцы хлеба або на дне талеркі. Астанецца лыжка супу – яна схавалася там. От і сачы цяпер, як будзеш есці, каб нічога не аставалася.
Хлопчык Пакідайчык аж прыўзняўся на ложку:
– Бабуля, а вялікая тая сіла?
– Пакуль яна ў крошцы хлеба ці ў лыжцы супу, дык маленькая. Можа, нават тваё вока і не ўбачыць, а яна – там. А як чалавек знойдзе сваю сілу ды з’есць, дык яна тады ў ім расце. А чалавек дужэе і дужэе.
І ўнучак запэўніў бабулю:
– Я знайду сваю сілу і з’ем. Пабачыш.
– Вось і малайчына, адразу зразумеў, – пахваліла бабуля. – А цяпер выпі кубачак малака.
Пакідайчык выпіў малако і зазірнуў на дно кубачка, ці не засталася там сіла. У абед ён таксама ўсё з’еў, да апошняга кавалачка, нават крошкі сабраў у рот.
Праз некалькі дзён хворы Пакідайчык папрасіў бабулю памагчы ўстаць і адзецца. А тая пагладзіла ўнучка па галаве ды кажа:
– А ты паспрабуй сам. Мы з табою і даведаемся, знайшоў ты сваю сілу ці не.
Бабуля выйшла ў другі пакой, а хлопчык злез з ложка і пачаў адзявацца. Пакуль яна вярнулася, Пакідайчык ужо стаяў перад люстэркам.
– Глядзі, бабуля, я сам адзеўся. Мусіць, я знайшоў сваю сілу.
– Ну вось і добра, – пахваліла бабуля ўнука. – Цяпер сачы за сваёй сілай. Ты ўжо ведаеш, яна ўцякае ад тых, хто не даядае ці не дапівае.
З гэтага дня пачаў хлопчык з’ядаць усё, што давалі дома. Хутка шчокі ў яго паружавелі, павесялелі вочы, пашпарчэлі ногі. Тата з мамай нацешыцца не маглі са свайго сына.
У той дзень, як бабуля ад’язджала ў вёску, хлопчык падышоў да яе, моцна абняў і шапнуў:
– Дзякуй, бабуля, за сакрэт.
Цяпер хлопчыка ніхто не называе Пакідайчыкам, а проста Віцем.
а где автор?
Зараз на гэта пытанне мы ўжо наўрад ці адкажам. 10 год таму быў зроблены гэты запіс:)