Пра Бусю, які жыве на Беларусі
26. Буся ляціць на спатканне
Як толькі вярнуліся бацькі, Буся перадаў ім сонных дзетак. Яго асабліва хваліла мама:
– Мой сын, які ж ты добры і разумны ў нас. Дзякуй, што так умела паняньчыў малых. Бач, спяць, быццам сытна па-а-бе-даў-шы.
За-да-во-ле-ны Буся пры развітанні прызнаўся:
– Да мяне ў госці Клекатуня збіраецца прыляцець.
– Мы з бацькам вельмі паважаем гэту маладую бусліху, – пры-зна-ла-ся мама. – Пасябруй з ёй!
Маміны словы акрылілі Бусю. Ён, здаецца, не проста ляцеў, а нібыта Ветрык са-сты-ка-ваў-ся з ім. Не крылы неслі яго, а вірлівы маторчык.
Буся азіраўся па баках. І неяк усё бачылася па-новаму. Кветкі на лузе падаліся яму вя-сёл-ка-вай коў-драч-кай, якую абяцала звязаць Клекатуня.
Пад крыламі Бусі плылі хаты людзей. І дзеці прыветліва махалі яму рукамі, нешта весела крычалі.
Ён ляцеў пад гаем, у якім чуліся галасы розных птушак. І здавалася, яны спявалі пра яго спатканне з чароўнай госцяй.
Працяг у № 5 (кастрычнік).
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ