Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
8.Курс-дарога Рубля
Янку карцела дазнацца ў Грошыка: няўжо і праўда, што за грошы можна купіць усё на свеце?
Грошык, мудры і далікатны грамацей, не захацеў навязваць Янку свае веды. Ён адшукаў на камбінезончыку патрэбную кнопку, націснуў на яе і прашаптаў замову:
Трын-тры- тра-ля-ля,
Дайце Янку Руб-ля.
Не з паперы, не з металу,
А з жывога капіталу.
І што вы думаеце: тут жа аб’явіўся франт у новенькім касцюмчыку. Тонкі, падцягнуты, насаты, як адзінка. А на галаве – прычоска ўся ў нулях. Вочы, нос, рот, вушы таксама падобны на нулі. І ён гэтак інтэлігентна звярнуўся да Грошыка:
– Выклікалі?.. Чым магу служыць?..
– Вось мой сябар Янка хоча ведаць, дзе і што вы можаце раздабыць за свой кошт.
– О сябар Янка, я валюта хадавая, вельмі патрэбная. У Беларусі, на грашова-фінансавай прасторы, я, Рубель, – поўны гаспадар. Магу купіць усё: ад самазвала-велікана да салодзенькай жуйкі…
– І самалёт можаце набыць, і “Пежо”? – спытаў Янка.
– Крыўдзіш, сябар!.. Я такое магу, што табе і не снілася.
– Дык купі мне амерыканскіх даляраў. Я злятаю ў іхні Аквапарк.
– Пайшлі ў абменны пункт, – жыва прапанаваў Рубель.
Па дарозе грашовы гаспадар павучыў Янку:
– Запомні адно правіла: грошы любяць разумных людзей. Вучыся быць такім!
– Я стараюся, – пагадзіўся Янка.
– Ведай, о мой новы сябар Янка, у кожнай краіне валадарыць свая валюта. Гэта слова прыдумалі некалі італьянцы. Яно на іх мове азначае “кошт”. От мы зараз з табой будзем купляць даляры.
– Выходзіць, адны грошы могуць купіць другія грошы.
– Так, мой сябар, усё на свеце купляецца і прадаецца, – дзелавіта адказаў Рубель і пачаў разглядваць аб’яву, якая вісела ў абменным пункце. – О, сёння даляр патаннеў! Учора за яго трэба было болей плаціць рублёў.
– А чаму такія скачкі з валютай? – не пераставаў здзіўляцца Янка. – Яна што, наезніца на іпадроме?
– Кошт валюты, мой сябар, залежыць ад попыту на яе. Калі ўсе людзі кінуцца купляць, напрыклад, італьянскую ліру, то, само сабой, яе кошт тут жа падскочыць.
– Што, само сабой? Сама возьме і падскочыць?
– Ды не, у кожнай краіне кошт розных валют устанаўлівае самы галоўны банк. У Беларусі – гэта Нацыянальны банк, які размяшчаецца ў цэнтры сталіцы – Мінску. Іх цэннік з’яўляецца арыенцірам для ўсіх банкіраў, для самых розных банкаў, якія абслугоўваюць людзей. Хаця…
Тут Рубель загадкава зірнуў на Янку, хітравата ўхмыльнуўся:
– Ведай, мой сябар, кожны банк мае права рэгуляваць кошт валют. Зноў жа з улікам таго, як яго кліенты купляюць замежныя грошы. Але арыенцірам для ўсіх, паўтараю, з’яўляецца курс, устаноўлены галоўным банкам…
Рубель і Янка пагадзіліся не бегаць па абменніках і банках, не шукаць таннейшага даляра. Ім быў цікавы сам працэс.
Калі яны падышлі да акенца, за якім сядзела супрацоўніца банка ў белай кофтачцы з зялёным шалікам, Рубель дзелавіта замовіў:
– Нам прадайце даляраў.
– Ваш пашпарт, – папрасіла супрацоўніца.
Рубля добра ведалі ўсюды, але парадак ёсць парадак, і ён тут жа прад’явіў дакумент.
Праз якую хвіліну Рубель трымаў у руках зялёныя грошы. На іх – партрэты замежных людзей, незнаёмыя будынкі, па-англійску ўсе надпісы. І толькі на лічбах Янка адрозніваў купюры – 5, 10, 20, 50, 100 даляраў.
– З гэтай валютай, – патлумачыў Рубель, – ты можаш пабываць не толькі ў Злучаных Штатах Амерыкі, а ў любой краіне, бо іх даляр – самая значная валюта свету.
– Ва ўсім, усім свеце?.. На ўсёй Зямлі?.. – перапытаў Янка.
– Так, мой сябар, даляр ахвотна памяняюць англічане на сваю валюту – фунт стэрлінгаў, кітайцы – на юань, французы – на франк, японцы – на іену, в’етнамцы – на донг, балгары – на левы…
На развітанне Рубель сказаў Янку:
– Жадаю табе цікавай замежнай вандроўкі!
Рубель як з’явіўся, так і знік нечакана. Ім увесь час кіраваў мудры Грошык са сваім таямнічым кошыкам. Янку, які яшчэ быў у палоне новых думак, Грошык задаў нечаканае пытанне:
– А ты верыш, што за рублі, як тут хваліўся Рубель, можна купіць усё-ўсё?
– Ён так казаў?
– Правільна, можна набыць за грошы машыну і каня, катэдж і кватэру, камп’ютар і цукеркі, – трошкі як бы гарачыўся Грошык. – А ты, Янка, падумай, ці можна купіць за грошы сяброўства, каханне, здароўе?
Янка задумаўся. От, Грошык, з ім трэба вуха востра трымаць.
Працяг у наступным нумары.
Уладзімір ЛІПСКІ