Пра Бусю, які жыве на Беларусі. Працяг
25. Бусева калыханка
Уся буслянка клекатала, ра-да-ва-ла-ся, што прыляцеў Буся. Маці ласкава абняла яго цёплым крылом. Бацька лагодна дзюбнуў у пёркі на галаве. За-мі-ла-ва-на пазіралі на дарослага брата малыя бацянкі ў белых, пу-хо-вень-кіх кам-бі-не-зон-чы-ках.
Буся ўручыў малечы блакітныя кветкі-званочкі. Кожнага палашчыў, прыгарнуў да сябе.
– Бачу, цябе нашы дзеткі адразу прызналі, – пахваліў бацька Бусю.
– Можа, пабудзеш з імі за няньку? – пра-па-на-ва-ла маці Бусліха. – А мы злятаем за прысмакамі на сенажаць.
Буся безумоўна пагадзіўся.
І як толькі бацькі пакінулі дамоўку, Буся адчуў сябе вы-ха-валь-ні-кам. Пачаў прыдумляць розныя забавы для маленькіх брацікаў і сястрычкі.
Вучыў гуляць іх у хованкі. Хуценька хаваў сваю галаву пад крыло. А пасля вы-прост-ваў-ся і весела аб’яўляў:
– Кля-кля, я тут!
Малыя ад за-да-валь-не-ння ківалі галоўкамі, нават спрабавалі ўзмахваць крыльцамі. Але вымавіць “кля-кля” ім не ўдавалася. І Буся пачаў вучыць іх:
– Спачатку вымавім літару “к”. Язычок пры-ціс-ні-це да задняй сценкі і з выбухам, зычна вы-дых-ні-це.
Бусляняты пачалі смешна шыпець. Як бы паміж імі бегаў жывы Ветрык.
– Добра атрымліваецца, – пахваліў выхаванцаў Буся. – А цяпер язычкі выцягніце ўперад, прыцісніце да паднябення і мякка выпусціце паветра. Следам галосна выгукніце “я”. І атрымаецца – кля-я!
Канечне, у немаўлят не ўсё атрымлівалася так, як вучыў Буся. І ён цярпліва пачаў падбіраць і тлумачыць словы, у якіх было спалучэнне літар “к-л-я”. Так бусляняты пачулі новыя словы: кля-ваць, кля-паць, кля-тва, кля-нок, кля-мка, кля-кса, кля-ёнка…
Буся адчуў, што брацікі і сястрычка крыху стаміліся гуляць. Для іх гульня стала на-пру-жа-най працай. Таму і стома падступіла да іх. Пачалі паціху пазяхаць, заплюшчваць вочкі.
А мама з татам усё яшчэ не вярталіся з палявання.
Буся вырашыў прыспаць буслянятак. Прыгадаў калыханку, якую чуў кожны вечар з рас-чы-не-ных вокнаў суседняй хаты. Голасна спявала тэленяня. Яе песню агучыў Буся:
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай,
Кля-кля-кля, кля-кля-кля,
Вачаняты закрывай…
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ