Садоўнік і сад
Маліна прачнулася зусім рана і адразу падумала пра Садоўніка. Яна здзівілася: чаму да гэтага часу яго не відаць? Ці не захварэў?
Калі хто і ведае дакладна, дзе Садоўнік, то гэта Сіні Матылёк. Ён час ад часу аблятае ўвесь сад. Таму Маліна з нецярпеннем чакала ўзыходу Сонца і прылёту Матылька. Як толькі ўзышло Сонца, з’явіўся Матылёк і важна абляцеў кожную кветачку. Як толькі ён сеў на ліст Маліны, адразу паведаміў, што Садоўнік захварэў. Гэту непрыемную вестку пачуў Ветрык. Ён адразу ж разнёс навіну ва ўсе бакі.
Садоўнік клапаціўся пра кожную расліну ў садзе, песціў кожную ягадку, кожны плод. І таму вестачка пра яго хваробу засмуціла ўсіх.
Насельнікі саду захацелі дапамагчы Садоўніку.
– Калі ў Садоўніка высокая тэмпература, мае ягады дапамогуць вылечыцца. Аднясі іх яму, – папрасіла Маліна Сіняга Матылька.
Сіні Матылёк так і зрабіў. Назбіраў жменьку духмяных малінавых ягад і паляцеў. Прыляцеў да Садоўніка, перадаў яму прывітанне і падарунак ад Маліны. Удзячны Садоўнік выпіў гарбаты з ягадамі, яму стала лепей, і ён павесялеў.
Сіні Матылёк вярнуўся ў сад, і тут з ім загаварылі яблыні:
– Мы – крынічкі сілы і энергіі, здароўя і маладосці! Калі ласка, аднясі нашы плады да Садоўніка. Мы падсілкуем яго.
Сіні Матылёк паслухмяна аднёс плады Садоўніку. Ён пакаштаваў яблыкі, якія сам выгадаваў, і адчуў прыліў сілы. А Матылёк адарваў гронку вінаграду і зноў прыляцеў да Садоўніка. Нястомны, ён па кавалачку прыносіў кавуны і дыні, памідоры і агуркі.
Садоўнік радаваўся ўсяму, што так клапатліва дастаўляў Матылёк. З кожным днём ён адчуваў сябе лепей і паступова вылечваўся.
Аднойчы Сіні Матылёк сустрэў у садзе працавітую Пчалу. Пчала збірала нектар з садовых кветак. Сіні Матылёк прынёс Садоўніку мёд, які перадала Пчала. Садоўнік папіў гарбаты з мядком і канчаткова набраўся моцы. Ён быў вельмі ўдзячны Пчале, якая збірала мёд, і Матыльку, які прынёс яму гэтыя лекі.
Так Садоўнік і вылечыўся пладамі, што выраслі ў яго садзе. А вырасціць слаўную садавіну, ягады і гародніну яму дапамаглі праца і дабрыня.
У хуткім часе Садоўнік вярнуўся ў свой сад. Там яго сустрэў добры і міласэрны Сіні Матылёк. Шчаслівы, ён гарэзліва лётаў і стараўся сесці то на галаву, то на плячо Садоўніку.
Сад агортвала прахалода ранішняга Ветрыка. І Садоўніка, калі ён углядаўся ў клапатліва вырашчаныя ім рознакаляровыя кветкі, ягады, садавіну і гародніну, ахінала пачуццё гонару і радасці.
А сад радаваўся яму…
Райхан Мажэнкызы
З казахскай мовы пераклаў Алесь Карлюкевіч.