Конкурс “Чароўны куфэрак”
Гісторыя адной Ручкі
Казка
Жыла-была ў краме Ручка – прыгожая, разумная, акуратная. Аднойчы туды зайшоў неахайны Хлопчык. Ручка спалохалася, што ён яе купіць. Яна вельмі не хацела трапіць у яго рукі. Хлопчык нахіліўся да вітрыны і, гучна шморгаючы носам і жуючы жвачку, доўга выбіраў ручку. Раптам яго погляд спыніўся на ёй, такой бліскучай і фігурнай. “Вой-вой,” – падумала Ручка, але было позна. Прадавец падаў яе новаму гаспадару.
Дома Хлопчык закінуў Ручку ў цёмны партфель, падобны на камору. У ім было страшна, сумна і адзінока. Раніцай, калі Хлопчык прыйшоў у школу, адразу ж пачаў з ёй гуляць. Чым яна яму толькі не была – і дзідай, і агнястрэльнай зброяй. “Зараз пачнецца ўрок, і ён супакоіцца,” – думала Ручка. Але ж не. На ўроку Хлопчык калоў Ручкай аднакласнікаў і гучна хіхікаў. Ручка вельмі перажывала, бо нікому не жадала зла. А яшчэ ёй не хацелася пісаць такімі брыдкімі, непрыгожымі літарамі.
Ручка моцна пакутавала. Аднаго дня, калі Хлопчык пісаў кантрольную работу, яна заплакала. Вялікія сінія слёзы пацяклі на белы аркуш паперы. У сшытку гора-вучня з’явілася вялікая клякса, а рукі яго сталі брудныя. “Якая дрэнная Ручка!” – падумаў Хлопчык і шпурнуў яе ў адчыненае акно…
У гэты час каля школы праходзіла Дзяўчынка. Яна падняла Ручку і прынесла дадому. Памыла, памяняла стрыжань. Ручка зноў стала бліскучай і прыгожай. Дзяўчынка паклала яе ў пенал. Там было ўтульна і чыста. Так у Ручкі з’явіўся свой домік, а ў ім шмат суседзяў. Усе яны вельмі ўважліва і па-сяброўску ставіліся да бліскучай Ручкі. Так пачалося яе новае жыццё.
Дана Шляжко,
г. Мінск, СШ № 2.
Беларусь
Многа краін на планеце,
Але наша такая – адна.
Ты адзіная на свеце,
Беларусь дарагая мая!
Вікторыя ЗНАМЯРОЎСКАЯ,
Воранаўскі раён,
аграгарадок Доцішкі.