Пра Бусю, які жыве на Беларусі. Працяг
24. Нечаканы прылёт Бацянка
Як толькі Буся вярнуўся ў сваю буслянку, яго агарнулі розныя думкі. “Бе-зу-моў-на, коўдрачка з сухога чароту – гэта цудоўна, – разважаў ён. – Але як было добра калісьці, калі ад дажджу і ветру мяне затуляла сваім цёплым крылом мама”. Буся ўздыхнуў і якраз у гэты момант пабачыў Бацянка. Брат зрабіў пры-ві-таль-ны круг над буслянкаю і апусціўся ў яе. Адразу пачаў дакараць Бусю:
– Ну і як гэта зразумець?! Ты дасюль не наведаў баць-коў-ску-ю буслянку! Напэўна, і не ведаеш, што ў нас ужо з’явіліся тры маленькія брацікі і адна сястрычка. Няўжо табе нецікава паглядзець на іх?!
Буся адчуў, як моцна забілася яго сэрца, а ўслых толькі і змог прамовіць:
– Я ж увесь гэты час займаўся буслянкаю, да-бу-доў-ваў яе. Дзякуй, што прыляцеў з добраю весткаю.
– Ну, дык хутчэй збірайся да бацькоў. Яны не-па-ко-я-цца і, думаю, крыўдуюць на цябе.
– Я зараз! Зараз жа і палячу! – хутка адазваўся Буся, а Бацянок сказаў на развітанне:
– Мы з Клёкам падарылі малым па пёрку са сваіх крылаў, каб і ў іх былі такія ж дужыя. Ты зрабі кожнаму свой падарунак.
“І што ж мне зрабіць?” – адразу за-не-па-ко-іў-ся Буся, як толькі Бацянок пакінуў яго. І тут з двара блізкай хаты пачуўся голас знаёмай дзяўчынкі:
– Стасік, не лезь у кветнік, я каму кажу! Патопчаш званочкі!
Буся ажно заклекатаў ад радасці: “Ну канечне! Званочкі!” Ён падорыць сястрычцы і брацікам гэтыя цудоўныя кветачкі. Хай яны на-звонь-ва-юць ім чароўныя сны, а як трэба, дык і ў час іх пабудзяць!
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ