Фагот
Маленькая сімфонія
Вельмі даўно, калі на зямлі жылі чараўнікі і чараўніцы, ведзьмары і вядзьмаркі, маленькія гномікі і лесавічкі, адбылася гэтая гісторыя.
Цяпер і не скажаш, дзе менавіта знаходзіўся вялікі млын на рэчцы, у якой жыў вадзянік. Людзі туды амаль не хадзілі, усе баяліся вадзяніка. Таму ў яго не было сяброў, і ўвесь час ён бавіў адзін.
Вадзянік жыў сярод ціны і чароту. Аднойчы ён выдраў самую тоўстую чараціну, зрабіў у ёй дзірачкі, а ў гарлавінку ўставіў крыху завостраную частачку сцяблінкі. Пасля моцна падзьмуў у сваю новую дудачку. Яна была доўгая, таму гук атрымліваўся вельмі нізкі. Млынар пачуў незвычайную музыку, пачаў шукаць, адкуль жа яна ідзе. Пастушкі так не іграюць, музыкі вясковыя – таксама. Нарэшце млынар знайшоў невядомага дудара ў рэчцы. Ён дамовіўся з вадзяніком, што той аддасць яму дудачку. Вадзянік доўга не пагаджаўся, але ж аддаў сваю забаўку за кавалак мяса і сала – улюбёныя прысмакі вадзянікоў. Цяпер на інструменце вадзяніка ігралі людзі падчас святаў. А сам вадзянік змайстраваў сабе новую цацку.
Праз многа гадоў людзі зрабілі інструмент падобнага гучання з клёну. Назвалі яго фаготам. Форма і выгляд інструмента змяніліся. Фагот складаецца з чатырох частак. У ім каля трыццаці металічных клапанаў, ад яго адыходзіць тонкая выгнутая металічная трубка, куды ўстаўляецца палачка. Дзякуючы ёй мы чуем нізкі, лагодны і прыглушаны гук.
Фагот – неад’емны інструмент драўлянай духавой групы сімфанічнага аркестра. Пра яе астатнія інструменты – флейту, габой і кларнет – вы ўжо ведаеце.
Вальжына ПРОХАРАВА