Пра Бусю, які жыве на Беларусі. Працяг
23. Коўдрачка з чароту для Бусі
Буся ляцеў ня-спеш-на, і ўсё роўна Клекатуня ад-ста-ва-ла ад яго. Ён толькі чуў ззаду шум яе крылаў. І раптам гэты шум сціхнуў. У той жа момант да яго даляцела: “Кля-кля! Кля-кля!..” Буся хутка азірнуўся і пабачыў, што Клекатуня апусцілася на зямлю і адтуль гукала яго.
“З ёю штосьці здарылася? – трывожна падумаў Буся. – Ёй патрэбна мая дапамога!”
Ён развярнуўся і таксама пачаў хутка апускацца. І, як толькі апынуўся побач, запытаўся ў Клекатуні:
– Можа, я залішне высока ўзняўся, і табе цяжка было ўгнацца за мною?
– Ах, не! – адказала Клекатуня. – Я і не на такую вышыню ўзнімалася! Усё вельмі проста. Ты пра-па-на-ваў мне пабачыць тваю буслянку. Іншымі словамі, запрасіў у госці, так?
– Ну, вядома, запрасіў! Няўжо табе не хочацца па-гля-дзець на маю буслянку і пабыць маёю госцяю?
– Хочацца! Вельмі хочацца! – хутка ад-гук-ну-ла-ся Клекатуня. – Але ж у госці без па-да-рун-ка не пры-ля-та-юць. Вось я і вы-ра-шы-ла спачатку зрабіць для цябе падарунак і ўжо потым завітаць у госці.
– Э-э, – збян-тэ-жыў-ся Буся і тут заўважыў недалёка ад іх пруток, паказаў на яго дзюбаю: – Можаш падарыць мне гэты пруток.
– Кля-кля, – заў-смі-ха-ла-ся Клекатуня. – Гэта кепскі падарунак. Ты, відаць, не чуў, што я вельмі добрая май-стры-ха. Мая бабуля навучыла мяне вязаць дзюбаю коў-драч-кі з сухога чароту. Я звяжу для цябе ў падарунак такую коўдрачку. Калі раптам пачнецца моцная бура, мая коўдрачка затуліць цябе ад дажджу і ветру.
Буся нічога не паспеў сказаць ёй у адказ. Клекатуня раптоўна ўзмахнула крыламі і ўзнялася высока-высока. Так высока, што Буся ледзь пачуў ужо здалёку:
– Бывай, Буся! Як толькі коўдрачка будзе гатова, я а-ба-вяз-ко-ва прылячу да цябе ў госці!