Кніга пра Вадзянікоў, баброў і марскую Наяду
Крышку пра кніжку
Дарагі сябра, ці любіш ты прыгоды? А хочаш даведацца пра сакрэты жыхароў вадаёма? Тады хутчэй бяры кнігу Наталлі Бучынскай “Атракцыёны для вадзянікоў: былі і небыліцы пра жыцце надводнае і падводнае”. З ёй ты трапіш у чароўнае царства возера Доўгае, пазнаёмішся з жыхарамі і гаспадаркай старога Вадзяніка, даведаешся пра тое, як малады Вадзянік ладзіў атракцыёны і што з гэтага атрымалася.
Другая казачная гісторыя з кнігі распавядзе пра вельмі цікаўную жывёлу, занесеную ў Чырвоную кнігу Беларусі, – пра бабра. Галоўны герой запросіць да сябе ў хатку, пазнаёміць са сваім сямействам і падзеліцца цікавай гісторыяй пра бабрыны род.
Мусіць, кожны ведае, што самы выдатны спявак – гэта салавей. Вось і марской Наядзе ягоныя спевы прыйшліся даспадобы. І, нягледзячы на адгаворы сябровак, дзяўчына вырашыла адправіцца ў падарожжа за любым спеваком. Пра тое, якія цяжкасці напаткалі Наяду і чым скончылася яе вандроўка, раскажа апошняя гісторыя кнігі.
Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Прыгожыя ілюстрацыі да яе намаляваў мастак Андрэй Пазняк.
Марыя Екацярынічава