Рэпка
Комікс
Рабінзон Рома марыў вырасціць рэпку на востраве.
Зрабіў градку пад рабінай, утыркнуў літару Р, прыгаворваў:
– Расці, Р! Радуй Рому!
Вырасла на градцы рэкордная рэпка.
Рабінзон Рома рваў-рваў – не вырваў.
Рыссю раз’юшаная рысь прыскакала. Рома за рэпку, рысь за Рому – не вырвалі.
Раптам рабы рабчык прыляцеў. Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь – не вырвалі.
Прыпоўз берагам разбойнік-рак. Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь, рак за рабчыка – не вырвалі.
Вынырнуў з нары крот. Рома за рэпку, рысь за Рому, рабчык за рысь, рак за рабчыка, а крот падгрыз корань – р-раз і вырвалі.
– Ур-р-ра!.. Рэпка наверсе!..
Разам вячэралі. Елі рэпку рабінзон Рома, рысь, рабчык, рак, крот. Радаваліся: дружным гуртам добра рэпку рваць, прыемна разам вячэраць.
Уладзімір ЛІПСКІ