У гасцях у “Бусі” яслі-сад № 6 горада Ашмяны
Дзень нараджэння электрычнай лямпачкі
– Я хачу расказаць пра электрычнае сонейка! На адным з заняткаў выхавальніца распавядала нам пра электрычную лямпачку. І я вельмі здзівілася, што электрычную лямпачку вынайшлі каля двухсот гадоў таму. Але як жа раней людзі без яе абыходзіліся? Я спытала пра гэта ў выхавальніцы. Мы разам паглядзелі ў энцыклапедыі, і вось што даведаліся. Даўным-даўно людзі жылі ў пячорах, іх асвятляла толькі святло вогнішча. З часам людзі здагадаліся: калі ў вогнішча апусціць палку, яна загарыцца. Так з’явілася паходня.
– А як вы думаеце, ці зручна было карыстацца паходняй? Мне здаецца, што не. Ды і ў доме такая рэч не проста нязручная, а і небяспечная, таму што можа здарыцца пажар! У дамах сталі выкарыстоўваць лучыну. Прайшлі гады, і чалавек прыдумаў больш зручны прадмет для асвятлення – свечку. Яе рабілі з пчалінага воску. Унутры свечкі ёсць кнот, зроблены з нітак, ён і запальвае яе. Але свечка, як і лучына, копціць і дае мала святла.
Людзі хацелі прыдумаць больш зручнае асвятленне для свайго жылля. З часам яны навучыліся з нафты рабіць газ і прыдумалі газавыя лямпы. Прайшло шмат гадоў. І вось яна! Цуд нашага часу – электрычная лямпачка.
– А мне вельмі цікава, чаму загараецца лямпачка. Аднойчы я прыйшла дадому, мама ўключыла святло, але лямпачка не загарэлася. Я здзівілася, калі мама сказала, што няма электрычнага току. Як з’яўляецца электрычны ток? Пра гэта мы даведаліся, калі правялі разам з выхавальніцай вопыт з шарыкамі. Надзьмулі шарыкі, прыставілі адзін да аднаго, але яны падалі. Тады мы пацерлі шарыкі аб свае валасы і паднеслі іх адзін да аднаго. І здарыўся цуд! Яны прыцягнуліся і трымаліся разам.
– Чаму гэта адбылося?
– Калі мы пацерлі шарык аб валасы, утварылася электрычнасць.
Аднак электрычны ток можа быць не толькі сябрам, але і вельмі небяспечным, калі з ім няправільна абыходзіцца. У сваёй групе мы зрабілі карткі-напаміналкі. Дзякуючы гэтым карткам мы вучымся, як паводзіць сябе з электрапрыборамі і электрычным токам. Без дазволу дарослых нельга ўключаць электрапрыборы, трэба ведаць правілы абыходжання з імі. А неасцярожнае абыходжанне прыводзіць да пажараў.
Падрыхтавалі выхавальніца Сафія Вайда і выхаванка Ксенія Бітэль.