Кот Максiм
Беларуская народная казка
Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката — Максімам. Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам. Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе… Вось так жылі яны, жылі — згарэла хата, адна гліняная печ засталася.
— Што рабіць будзем? — пытаецца кот у гаспадара. — Трэба хату будаваць.
— Ат, — кажа Марцін, — навошта нам хата? Хопіць і печы.
Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася.
— Што рабіць будзем? — зноў пытаецца кот у гаспадара.
— Ты, — кажа Марцін, — як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.
— Хто за такога гультая пойдзе замуж? — смяецца кот. — Ты ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы.
— Пойдзе! — кажа Марцін. — Няма чаго смяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму — так і так: пан Марцін, па прозвішчу Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсці…
— Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, — кажа кот.
— Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! — пагразіў яму гаспадар.
— Ну што ж, паспрабую шчасця.
Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу.
Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц.
— Куды, кот, ідзеш? — пытаецца ён.
— Да цара.
— Чаго?
Кот падумаў і кажа:
— На суд…
— На які суд?
— Праўды хачу дайсці.
— Якой праўды?
— А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць — усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, смятану злізаў, кот сала ўкраў… А ката там і блізка не было. Не магу я цярпець такога паклёпу на сябе.
— Пайду хіба і я з табою! — кажа заяц.
— Чаго?
— Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць — усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і не заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.
— Дык што ж ты — адзін пойдзеш? -кажа кот. — Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сведкі мець.
— А ты чаму адзін ідзеш?
— Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сведак, тады можна смела ісьці.
Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес:
— Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Тут, як бачыш, з усіх бакоў пасыпаліся зайцы. Назбягалася іх цэлая чарада. Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць — на дварэ вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам:
— Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.
Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот — бразь! — ды і зачыніў іх там на засаўку.
Ідзе ён да царскіх палацаў, падскокваючы, у лапкі плешчучы. Узыходзіць на ганак, стукае ў дзьверы:
— Адчыніце!
Адчыніў яму салдат-вартавы.
— Чаго трэба? — пытаецца.
— Пакажы, дзе цар жыве.
Салдат паказаў.
Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць.
— Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!
— Добры дзень, каток! — адказвае цар. — Што скажаш?
— Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасцінчыка.
— Дзе ж той гасцінчык?
— У хляве.
Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачыніць.
— Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? — дзівіцца цар. — Мусіць, у яго яшчэ больш ёсць.
— Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.
Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў. Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў. Развязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара. Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката:
— Ну, што табе цар сказаў?
— Нічога цікавага, — кажа кот.
— Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас.
Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.
Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк:
— Куды ідзеш, кот?
— Да цара.
— Чаго?
— На суд.
І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа:
— Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.
— Аднаму табе суд не паверыць, — кажа кот.
— А ты чаму адзін ідзеш?
— Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты…
— Дык што-ж мне рабіць?
Зьбяры сотні тры сведак, тады павераць.
Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:
— Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Назбіралася ваўкоў з усяго лесу. Павёў іх кот Максім да цара. Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:
— Мы першыя пойдзем на суд.
— Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.
Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот — бразь! — і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы. Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.
— Што скажаш, каток? — пытаецца цар.
— Так і так, — кажа кот Максім, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасцінчык.
— Добра, — кажа цар.
Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма. Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:
— Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госці прыедзе.
Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.
— Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў.
Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:
— Што цар сказаў?
— Сказаў, каб ты сам да яго ў госці ехаў.
Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:
— У чым жа я паеду? Я ж голы, як бізун.
— Нічога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем.
Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара. Бягуць, бачаць — недалёка ля гасцінца цэлае войска салдат спіць. Кот спыніў гаспадара.
— Пачакай, — кажа, — тут.
А сам крадкам пайшоў да войска. Назнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўскінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.
Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.
Рак пачаў прасіцца:
— Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў і кажа:
— Якую ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да раніцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, — кажа рак. — Гэта я магу.
Пусціў кот рака, і той адразу ж ухапіўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марціну, — як толькі абваліцца мост, раскідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так і так, ваша вялічаства-вымператарства… Ехаў да цябе ў госці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраванне з вадою сплыло…
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраванне.
Як бачыш, пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраванне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.
Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:
— А цяпер хацеў бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна гліняная печ, ды і тая развалілася.
Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад’яжджае да маёнтку Змея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца.
— Змея Гарынавіча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
— Не кажыце нікому, што вы пастухі Змея Гарынавіча, а кажыце — Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Пяруном — ён заб’е вас.
Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца:
— Чые вы, канюхі?
— Змея Гарынавіча.
— Не кажыце, што вы Змея Гарынавіча, а кажыце — пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Пяруном — ён заб’е вас.
Тым часам царская карэта з громам пад’ехала да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца ў іх цар.
— Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, — адказваюць пастухі.
— О, — дзівіцца цар, багаты пан Глінскі-Папялінскі!
Гэтак жа адказалі і канюхі.
Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Змея Гарынавіча. Убачыў самога Змея і крычыць.
— Хавайся, Змей Гарынавіч! Едзе Гром з Пяруном — ён цябе заб’е і на муку сатрэ.
Спужаўся Змей Гарынавіч:
— Куды ж мне схавацца?
Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дуплё ў старой ліпе.
— Лезь хутчэй сюды! — кажа Змею.
Залез Змей у дуплё, а кот забіў дуплё паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Змеевых слуг.
— Чые вы? — пытаецца.
— Змея Гарынавіча.
— Не кажыце нікому, што Змея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Пяруном — ён заб’е вас.
— Добра, — кажуць напалоханыя слугі.
Прыехаў цар у маёнтак Змея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго.
— Чый гэта маёнтак? — пытаецца цар.
— Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! — у вадзін голас адказалі слугі.
— Ну, што ж, — кажа цар, — сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку.
Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вясельле.
Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце не было.