Прывабная люстра
Свет Вялікага тэатра
– У буфеце Нацыянальнага опернага тэатра Беларусі прыгожа і велічна. Там смачныя булачкі. Мы, мама, у вялікай зале былі. Толькі для нас запальвалі галоўную люстру…
Паразмаўляўшы з мамай па тэлефоне, падчас экскурсійнага “антракту” ў Вадзіка з’явілася жаданне яшчэ раз паглядзець на шыкоўную оперную люстру. Заставалася толькі вырашыць, з кім бы зайсці ў залу. І раптам да яго падышоў Валерка. І так атрымалася, што замест запланаванага экскурсаводам Элай Мікалаеўнай наведвання камернай залы імя Александроўскай, у хлопцаў з’явілася адно жаданне – палюбавацца люстрай.
Першым пачаў Валерка:
– Вось бы яшчэ хоць хвіліначку на самую вялікую люстру паглядзець…
– Згодзен, але хацелася б крыху бліжэй убачыць яе, чым з партэра.
– Дык давай падымемся на балкон. Адтуль і разгледзім.
– Дамовіліся!
Хлопцы паціху выйшлі з буфета, прайшлі праз хол, накіраваліся да лесвіцы. Падняліся на паверх, адкрылі цяжкія драўляныя дзверы і апынуліся на балконе, адкуль можна было добра бачыць люстру.
Раптам уключылася святло.
– Ого якая! – вымавіў Валерка.
– А ўяўляеш, калі раптам упадзе. Цікава, колькі яна важыць?
– Важыць тысячу дзвесце кілаграмаў. На ёй трыццаць тысяч крышталёвых падвесак,— пачуўся аднекуль голас.
– Ой, а колькі для яе трэба лямпачак?
– Пяцьсот лямпачак, кіламетр правадоў!
– Як цікава. А калі яна раптам упадзе, уяві, што будзе!
– Пасля рэканструкцыі тэатра тэхнікі жартуюць: калі люстра і ўпадзе, то толькі разам са столлю.
– Вадзік, адкуль ты столькі ведаеш?
– А я і не ведаў, дзякуй, што расказаў, Валерка.
– І я не ведаў, я думаў, што гэта ты расказваеш.
– А-а-а, – адначасова закрычалі хлопцы, і пачалі азірацца.
– Страшна? – запытаў голас.
– Ага-а-а, – зашапталі хлопцы.
І тут з ценю выйшла супрацоўніца тэатра. Хлопцы адначасова ўздыхнулі з палёгкай.
– Спалохаліся? – запыталася жанчына.
– Не! – у адзін голас адказалі хлопцы.
– Ну і добра. А я гляджу: хтосьці зайшоў на балкон, вось і папрасіла, па рацыі ахоўніка святло ўключыць. Потым пачула вашы цікаўныя пытанні і пачала адказваць.
– А мы падумалі, што гэта прывід, які нас пужае.
– Ага, “Прывід Оперы”, – вымавіла жанчына і ўсміхнулася. – Дарэчы, а вы ведаеце, што ёсць опера з такой назвай?
– Так, мы чулі. Можа, вы маглі б нагадаць нам сюжэт?
– Асноўныя падзеі адбываюцца ў Парыжы. Распрадаецца маёмасць старога опернага тэатра. Сярод пакупнікоў аказваецца чалавек, які ўспамінае часы сваёй маладосці, працы ў гэтым тэатры… На аўкцыёне прадаецца цудоўнейшая люстра. Яе адрамантавалі, абсталявалі электрычнымі лямпачкамі. Аўкцыяніст распавядае гісторыю пра яе сувязі з легендай пра Прывід Оперы.
– О, як цікава…
– Так, згодна, але калі вы прыйшлі з экскурсіяй, то вас хутка пачнуць шукаць. Давайце дамовімся, што гэту гісторыю вы паглядзіце ў тэатры.
– А вы ўпэўнены, што ваша люстра не ўпадзе?
– Гэта дакладна, хоць яна і важыць болей за тону і мае чатыры метры ў дыяметры. Яе ж зрабілі ў Лідзе, а там выдатныя майстры!
– Дзякуем за цікавы аповед, нам яшчэ ў залу імя Александроўскай паспець трэба.
Анастасія Радзікевіч