“Вясёлка” ў Беластоку
Цікавую вандроўку здзейсніла наша рэдакцыя. Мы пабывалі ў беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Адразу трапілі на свята ў Беластоку. Яго наладзіла Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Чатыры гадзіны ў гарадскім парку гучалі беларускія песні. Прыемна, што сярод дарослых калектываў было шмат дзіцячых гуртоў – “Лянок”, “Вясёлка”, “Вянок”, “Калінка”, “Гай”, “Рэчанька”, “Васілёчкі”, “Каласкі”, “Журавінкі”…
Дэлегацыя вясёлкаўцаў прыняла ўдзел ва ўшанаванні пераможцаў конкурсу “Пазнай Беларусь”. Народны каляндар “Вясёлкі”, бібліятэчкі “Вясёлкі” атрымалі трыццаць пяць творчых дзяцей з усяе Беластотчыны.
Вясёлкаўцы пабывалі ў Гайнаўскім ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Наведалі мясцовы Музей беларускай культуры.
“Вясёлка” і “Буся” будуць сябраваць з дзецьмі беларусаў у Польшчы.
Вася Васёлкін