Грошык і таямнічы кошык (працяг)
7. Дзіва-музей
Грошык вёў Янку ў музей грошай. Ну, канечне, не адных грошай, а ўсяе грашовай спадчыны, гісторыі нашай краіны.
На праспекце, дзе стаяў банк “Грашовы куб”, – шматлюдна. І Грошык раптам стаў невідзімкай.
– Не хачу, каб на нас звярталі ўвагу, – патлумачыў Янку.
– А чаго палохаешся?
– Ды я не з труслівых, – пачаў апраўдвацца Грошык. – Але ж зразумей: людзі ніколі не носяць кашалькі ў руках і раскрытымі. Правільна?
– Ага, навошта паказваць.
– Во, бачыш, як усе аберагаюць грошы. Трымаюць іх у сакрэтных хованках. Вось і я схаваўся. Ці мала што…
Людзі пачалі азірацца на Янку: з кім ён гаворыць? Нікога ж вакол няма. Але добра, што шлях ад метро да банка кароткі.
Так яны неўпрыкмет прыйшлі да “Грашовага куба”, але неўпрыкмет трапіць у яго музей не давялося. Тут жа іх супыніла варта і папрасіла прад’явіць пропускі. Грошык хуценька націснуў патрэбную кнопачку на кошыку і адразу з невідзімкі стаў “відзімкам” у поўнай сваёй красе.
– О, сам Грошык да нас! – дзяжурны ледзь не ўзяў пад казырок.
– Ага, хачу свайму вясёлкаўскаму сябру Янку паказаць грашовы музей.
– Дык прыходзьце во сюды, налева, – паважліва ўсміхнуўся вартаўнік.
У пакоях, адведзеных пад музей, ужо тоўпіліся людзі. З імі гутарыў экскурсавод – знаўца грашовага лёсу на Беларусі.
Янка наважыўся слухаць яго, але Грошык штурхнуў сябра пад бок:
– Я – твой гід!.. Вушы натапыр на мой голас…
Грошык падвёў Янку да стэнда з дзіўнымі рэчамі:
– Гэта даўнейшая падліковая машына.
Што ўбачыў Янка? Драўляная рамка, а ў ёй – на дзесяці жалезных пруціках насаджаны драўляныя круглячкі. Гэта і быў бухгалтарскі лічыльнік.
– На ім можна складваць, адымаць да тысячы? – здзівіўся Янка.
– Лёгка!.. Нават да мільёнаў!.. Можна падлічыць і дробныя грошы, – гаварыў, як бы хваліўся, Грошык, што ведае ўсе таямніцы. – А замяніў драўляны лічыльнік металічны арыфмометр “Фелікс”. З дапамогай гэтай механічнай вылічальні банкаўскія супрацоўнікі хутка множылі, дзялілі, складвалі і адымалі любыя лічбы…
Янка не мог адвесці вачэй ад устарэлых лічыльнікаў, якія адпачывалі ў музеі.
– Яны, як бы мой дзядуля, на пенсіі цяпер, – прамовіў Янка.
– Ты правільна мысліш, – пахваліў сябра Грошык. – Музей для таго і зрабілі, каб людзі ведалі, што было, і цанілі, што ёсць.
Яны падышлі да новага стэнда. Янка ахнуў ад здзіву:
– Гэта, Янка, не зусім грошы, а грашовыя аблігацыі. У вайну людзі аддавалі свае зберажэнні на патрэбы абароны. Бачыш, на білетах намаляваны танкі, самалёты, якія ідуць у бой. Яны зроблены на грошы людзей-патрыётаў…
– Выходзіць, і грошы майго прадзядулі ваявалі, – прамовіў Янка.
Задаволены Грошык падвёў свайго слухача да новых экспанатаў:
– Глядзі, тут сабраны старыя ашчадныя кніжкі. Даўней іх выдавалі сваім кліентам ашчадныя касы.
Янка ўражаны: на вокладках першых ашчадных кніжак намаляваны пелікан.
– Слухай, Грошык, а чаму такая павага да гэтай птушкі? – спытаў Янка. – Мо таму, што яны пад доўгай дзюбай вялікі мяшок носяць, як бы кашалёк?
– І гэта ўлічвалі мастакі, – пагадзіўся Грошык, але даў сваё тлумачэнне. – Ведаеш, водная птушка пелікан праяўляе выключную любоў да сваёй сям’і. Існуе легенда, як пелікан разарваў свае грудзі, каб выратаваць уласнай крывёю родных дзетак.
– Выходзіць, і банкаўскія работнікі – дабрадзеі для людзей, – задумліва сказаў Янка.
Грошык зноў парадаваўся за свайго вучня, бо адчуваў, што музей выклікае роздум у яго, нараджае новыя думкі. І гэта надавала імпэту гіду.
– А вось скажы, Янка, чаму сярод экспанатаў – партрэт твайго цёзкі Янкі Купалы і яго кніга “Спадчына”?
– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Янка.
– А таму, мой дружанька, што паэт Янка Купала быў першым укладчыкам у першай ашчаднай касе Мінска. Свой ганарар за кнігу “Спадчына” ён паклаў на ашчадную кніжку пад нумарам адзін. І было гэта ў далёкім 1923 годзе…
Далей ішлі стэнды, на якіх можна было ўбачыць самыя розныя грошы розных гадоў. Янка дзівіўся з вялізных купюр, на якіх “сядзела” сама імператрыца Кацярына. Існавалі нават папяровыя капейкі. Але найбольш прываблівалі Янку металічныя манеты. А сярод іх – срэбныя, сувенірныя, прысвечаныя самым разным падзеям.
– Глядзі, на манеце лагатып нашага банка, – не стрымаўся, выгукнуў Янка на ўвесь музей.
– Банк адзначаў свой юбілей, – патлумачыў Грошык, – і выпусціў манету ў знак гэтай падзеі. Літара “Б” выканана ў форме квадрата з чатырох белых стужачак. Яны і даюць адчуванне прасторы, росту, перспектывы. Такі вось незвычайны лагатып банка “Грошовы куб”.
На іншых манетах Янку спадабаліся срэбныя балярына, зубр, сава, партрэты Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, спартыўны будынак Мінск-арэны.
Асобным дзівам сталіся “жывыя” манекены. Па іх можна меркаваць, у якім спецадзенні хадзілі даўнейшыя фінансавыя служачыя, як апранаюцца цяпер. Янка доўга не хацеў адыходзіць ад “ахоўнікаў” сучаснага банкамата. Яны ў лёгкай спартыўнай форме, з аўтаматамі, маюць справу з “жывымі” мяхамі грошай. Развозяць па банкаматах. Збіраюць выручку па розных гандлёвых кропках. Яны – інкасатары. У іх служба вельмі адказная.
І ўжо зусім здзівіўся Янка, калі Грошык правёў яго ў спартыўны пакой. Тут дэманструюцца кубкі, дыпломы, дасягненні банкаўскіх спартсменаў. Ёсць нават форма сапраўдных хакеістаў. На зялёна-белых майках – лагатып з арыгінальнай літарай “Б”. А на вялікім фота – супрацоўнік банка Анатоль Багавік, які прымаў удзел у эстафеце нясення алімпійскага агню, якая папярэднічала зімовым Алімпійскім гульням у Канадзе.
Янка выходзіў з музея грошай ашаломлены, узрушаны, здзіўлены. І адразу падступіўся з просьбай да Грошыка:
– А можна, я сюды прывяду сваіх аднакласнікаў?
– Чаму б і не, – адказаў Грошык, – але напачатку хай яны павучацца ў маёй школцы. Яна працуе ў кожным нумары дзіцячага часопіса “Вясёлка”.
Уладзімір ЛІПСКІ