Кларнет
Маленькая сімфонія
Адным летнім днём мама вяла мяне за руку кудысьці, дзе мне “абавязкова спадабаецца”. Мы спыніліся каля белага старога будынка – дзіцячай музычнай школы. Нас сустрэў настаўнік і адвёў у вялікі клас, дзе было шмат розных музычных інструментаў. Многія з іх я ўжо ведаў. Мне прапанавалі выбраць адзін, што найбольш спадабаецца. Спачатку я падышоў да піяніна і націснуў на клавішу, пасля паглядзеў на маленькую скрыпачку, а за ёй – на віяланчэль і гітару. Я кранаў іх струны, і яны ціхенечка адгукаліся.
Раптам з суседняга класа данесліся незнаёмыя гукі. Настаўнік сказаў, што гэта кларнет, а пазней паказаў мне яго. Кларнет нагадваў габой: таксама з чорнага дрэва, і дзірачкі заціскаюцца клапанамі, але ён большы памерам і гучыць зусім інакш. Гук у яго густы, яркі і бліскучы. Адразу мне спадабаўся.
Калі я прыйшоў у музычную школу ў верасні, настаўнік растлумачыў, што кларнет – самы складаны з драўляных духавых інструментаў, таму спачатку я мушу вучыцца на блокфлейце (самым простым з іх). Мяне агарнуў жаль, але праз год, калі мне споўнілася восем, я атрымаў свой запаветны інструмент.
Цяпер, праз шмат гадоў, я іграю ў сімфанічным аркестры. Кожны раз, як мае вусны дакранаюцца да інструмента, я зноў раблюся тым шчаслівым хлопчыкам з кларнетам.
Вальжына ПРОХАРАВА