Забаўлянкі
Среда, 1.07.2015 07:45. Рубрика: БУСЯ
Конік
Конік скача па траве.
–Падвязі! – хлапчук заве.
А ён скокнуў на далонь:
– Конік, дружа мой, не конь!
Бусел
На стракатым летнім лузе
Фіззарадку робіць бусел:
Доўгай дзюбаю гайдае –
Ды на жабак паглядае.
Жабкі
Жабкі грэюцца на сонцы,
Быццам плавалі ў зялёнцы,
Бо касцюм зялёны ў жаб
Ад хваста да самых лап.
Вішня
Калі вішня зацвіце –
Голле нібы ў малацэ.
Нават ветрыку карціць
Нешта ў садзе падбяліць.
Страказа
Ціха кружыцца ў палёце
Страказіны самалёцік.
Ах, якая страказа –
Легкакрылая краса!
Уладзімір МАЗГО