Буся – вясёлы спявак
Пра Бусю, які жыве на Беларусі
Аповесць-казка
19. Буся – вясёлы спявак
Бацькі паляцелі на па-ля-ва-нне.
Буся застаўся вартаваць буслянку. Не ад вераб’ёў, якія па-ся-лі-лі-ся на ніжніх паверхах іхняга маёнтка. Не ад ластавак, якія кру-жы-лі-ся над сажалкай, каля іхняга дуба.
Вартаваць буслянку трэба ад кар-шу-на, ад ва-ро-ны. Раптам ім захочацца зазірнуць у іх гняздо? А там – чатыры белыя, вялікія яйкі. А ў дра-пеж-ні-каў – вострыя і моцныя дзюбы.
Буся ўжо не маленькі і ведае, што з яек, якія нанесла мама, у хуткім часе пра-клю-ну-цца дзеткі. Яго новыя брацікі і сястрычкі.
Буся накрыў яйкі крыламі. Саграваў іх сваім цяплом. І думаў: “Праз нейкі час на-ро-дзя-цца бу-сля-нят-кі. Іх трэба няньчыць. Спяваць ім калыханкі. Карміць. Як жа мы ўсе памесцімся ў буслянцы? Ці не будаваць сваю хату?..”
Ад такіх думак Бусю за-ха-це-ла-ся клекатаць. Ён стаў на бераг буслянкі і на ўсё на-ва-ко-лле падаў голас:
– Кля-кля-кля-кля!..
Неў-за-ба-ве вярнуліся бацькі. Мама пахваліла Бусю:
– Ты весела спяваў, мой сын. Мы чулі твой голас на балоце. Вось табе за гэта жабянятак.
Мама дастала з сумкі жывы ласунак. Бусел-бацька па-важ-лі-ва пазіраў на спевака. Радаваўся, што вырас у іх сям’і разумны, па-слух-мя-ны сын.
Пасля снедання Буся расказаў бацькам, пра што ён думаў, калі вартаваў буслянку. Бусел і Бусліха таксама задумаліся.
Раіса БАРАВІКОВА
Уладзімір ЛІПСКІ