Агарод
Агурочкі-агуркі –
роўна-доўгія радкі.
Агурочкі любяць дождж, –
будзе ў дождж іх поўны кош!
Баклажаны
У маёй сяброўкі Жанны
пасінелі баклажаны.
А яшчэ як пасмялеюць –
дык і болей пацямнеюць.
Бульба
Пазіраць мне люба,
як усходзіць бульба.
Будуць – анігадкі –
дранічкі-аладкі!
Бурак
Паліваю, а бурак
штосьці журыцца, бядак.
Я ж не ведала-не знала,
што залішне палівала…
Гарох
Ды няўжо ніяк не мог
прама вырасці гарох?!
Штосьці крыва ўсё і крыва, –
ну хіба гэта не дзіва?
Гарбузы
Гарбузы вы, гарбузы,
ўдзень палью вас тры разы, –
семачкі-гарбузікі
будуць, нібы гузікі!
Капуста
Вырасла занадта густа
у нас сёлета капуста.
Не, не любяць качаны
гэтакае гушчыні.
Памідоры
Я – у роспачы, у горы:
не растуць штось памідоры!
Гнуцца, нібы ў нейкай зморы –
зноўку трэба ім падпоры!
Патысон
Патысону патысон
расказаў пра дзіўны сон,
у якім – ну так! – талеркай
абазваў яго Валерка.
Перац
Промні сонца лашчаць-песцяць,
каб хутчэй свой колер перац
сам убачыў, – ён зялёны,
а ці жоўты, ці чырвоны?
Радыска
А радыска дык радыска –
ёй мая малая міска!
Пабягу я па вядзерца –
поўненькае набярэцца.
Рэпа
Ускапаю глебу
і пасею рэпу.
Потым будзе працы
выцягнуць, бы ў казцы!
Цыбуля
Я прашу сваю бабулю:
– Папалоць дазволь цыбулю!
А бабуля:
– Што ты, ўнучка, –
яшчэ сілы мала ў ручках!
Часнок
– Вось часночак дык часночак –
за зубочкамі – зубочак!
– Так, але сакрэт – такі:
ў нас не зубкі, а зубкі.
Парадак
Вось прыгода мне з прыгод:
Буся сам на агарод
завітаў, хадзіў між градак
і дзівіўся на парадак.
Вершы Соф’і Шах