Урокі мужнасці
Понедельник, 22.06.2015 07:52. Рубрика: Вершы
У зале, дзе сяброў партрэты –
Франтавікоў і партызан, –
Суровай памяццю сагрэты,
Урок праводзіць ветэран.
Глядзіць на светлыя абліччы –
У гімнасцёрках юнакі:
З іх кожны зноў з вайны той кліча
Узняць на ворага штыкі.
Там безыменныя вышыні
Байцоў палітыя крывёй.
А тут, у зале, рэхам стыне
Астатні гул перадавой.
Сядзяць малыя гімназісты,
І ўзрушна слухаюць яны
У дзень святочны, урачысты
Байца сусветнае вайны.
На ўзлёце самай чуйнай мроі,
Праз зрок душы і сэрцы іх,
Ступаюць знаныя героі
Праўдзівых самых ў свеце кніг.
У шыбе жоўцю блісне сонца,
На нейкі міг аслепіць зрок.
Ён будзе доўжыцца бясконца,
Салдацкай мужнасці урок!
Мікола МЯТЛІЦКІ