Чароўны куфэрак
У час Вялікай Айчыннай вайны ў Барысаве і Барысаўскім раёне загінула больш за 47 тысяч чалавек. 1 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены. Гэтым далёкім падзеям прысвяцілі свае творы вучні барысаўскай сярэдняй школы № 10 – удзельнікі літаратурнай гасцёўні “Праменьчыкі” і гуртка “Ліхтарык”.
Горад мой ардэнаносны
Горад мой – ардэнаносны,
Бо, калі была вайна,
Жыхары-барысаўчане
Білі ворага спаўна!
На вакзале, дзе шматлюдна,
Стэла з ордэнам стаіць.
Подзвіг той вайны далёкай,
Нам ніколі не забыць!
Мікіта Хадатовіч, 4 клас.
Вахта памяці
Піянеры нашай школы
Вахту памяці нясуць,
Каля помніка, дзе лагер
Для палонных колісь быў,
Кветнік яркі і прыгожы
Нехта добры пасадзіў.
Кожную вясну, у маі,
Там парадак навядзём,
У дзень слаўнай Перамогі
Свой букет сюды нясём!
Ульяна Яраш, 4 клас.
Гісторыя чырвонага “Запарожца”
Кожнае лета мы са старэйшым братам Дзімам адпачываем у вёсцы. Аднойчы, калі гулялі за гумном, убачылі старэнькі чырвоны “Запарожац”. Спыталі ў бабулі, чый ён, і яна распавяла…
– Шмат гадоў таму пачалася страшэнная вайна. Ваш прадзед, мой бацька Сцяпан Солдак, трапіў у лагер для ваеннапалонных. Ішоў час, і Чырвоная армія перайшла ў наступленне. Фашысты пачалі строіць палонных у калоны і гнаць у бок Германіі. Пад Брэстам смелыя хлопцы разам з маім татам уцяклі і схаваліся ў высокім жыце. Пад мястэчкам Чырвонае пасля спецыяльнай праверкі прадзед трапіў на Трэці Беларускі фронт. Каля Кёнігcберга яго параніла. Куля прайшла наскрозь. Санітары з поля бою даставілі бацьку Сцяпана ў ваенны шпіталь. Пасля вайны ён працаваў у калгасе. У 1980 годзе, калі святкавалі 35 год Перамогі, Сцяпану Сямёнавічу ўрад падарыў гэты чырвоны “Запарожац”.
Вось так мы з братам даведаліся, што вайна закранула і нашых продкаў…
Насця Снытко, 4 клас.
Загадкі
Залп грамыхнуў, і ў той жа час
Святлом начное неба азарылася,
Суквеццем зорак заіскрылася.
Ульяна Франкова, 2 клас.
Што за вялікае, важнае свята,
Героі яго – воіны-салдаты,
Хто сваім жыццём рызыкаваў,
Нам мір і спакой падараваў?
Мацвей Таранаў, 2 клас.
Стаіць нерухома,
У бронзе адліты.
Подзвіг яго
Не будзе забыты!
Іван Бабіцкі, 2 клас.
Мой гераічны прадзед
Калі ідзе гаворка пра вайну, я заўсёды ўспамінаю аповед бабулі пра майго прадзеда Аляксандра Рыгоравіча Сманцара. Ён быў сапраўдным героем.
Да вайны прадзед працаваў на Барысаўскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Быў вельмі актыўным і працавітым. Вайна прымусіла Аляксандра Рыгоравіча стаць партызанам. Ён ваяваў у партызанскай брыгадзе “Дзядзькі Колі”, якой кіраваў Герой Савецкага Саюза Пётр Рыгоравіч Лапацін. Дзядуля быў разведчыкам, а таксама ўдзельнічаў у розных дыверсіях супраць фашыстаў. Партызаны ўзрывалі чыгунку, а калі не было ўзрыўчаткі, то разбіралі чыгуначнае палатно, каб пусціць пад адхон варожыя цягнікі. Аднойчы, калі фашысты захацелі захапіць сабраны мірнымі жыхарамі ўраджай і вывезці яго, партызаны зрабілі засаду і адбілі збожжа.
У адным з баёў Аляксандр Рыгоравіч быў паранены ў нагу і атрымаў кантузію. Асколак таго ранення так і застаўся ў назе, не даючы забыцца на боль і жах ваенных гадоў.
За мужнасць у барацьбе з ворагамі прадзед быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама шматлікімі медалямі.
Мой прадзед пражыў доўгае жыццё і памёр на 91 годзе. На жаль, нам не давялося сустрэцца. Але я вельмі ганаруся ім.
Мацвей Таранаў, 2 клас.