Грошык і таямнічы кошык. Працяг
5. Сакрэты купюр
– Што такое купюра? – спытаў Грошык у Янкі.
– Хэ, гэта легкатня, – Янка аж пстрыкнуў пальцамі. – Азначае: купі. Юра! Што-небудзь купі, калі ёсць купіла.
– Гумарыст ты, аднак.
– Ды мы з татам ездзілі на свята гумару ў Аўцюкі.
– А купюры бралі з сабой?
– Як жа ж, бралі і аддавалі.
Грошык дастаў з таямнічага кошыка розныя папяровыя грошы. Янка паказаў, якія яны бралі ў дарогу.
– Ты, здаецца, хацеў ведаць, як робяцца грошы? – нагадаў Грошык.
– Ага, вельмі б хацеў. Мо б і я калі сам зрабіў іх.
– А вось пра гэта нават і не мыслі.
– Чаму?
– Людзей, якія спрабуюць рабіць грошы, называюць фальшываманетчыкамі. І вельмі жорстка караюць.
– Ого, можа, і ў турму адпраўляюць?
– Як ты кажаш, лёгка і… надоўга.
– А чаму так строга? – дапытваўся спалоханы Янка.
– Зразумей, грошы – нацыянальная каштоўнасць. Зацвярджаюцца дзяржавай. Ахоўваюцца законамі. Яны – знак багацця, прадмет абмену.
Грошык папрасіў Янку ўважліва паглядзець на купюры і спытаў:
– Што ты найперш бачыш на грашах?
– Ну, лічбы: сто тысяч, пяцьдзясят, дваццаць, дзесяць, пяць тысяч…
– Правільна. Гэта іх намінал. А што яшчэ бачыш?
Янка запнуўся, злёгку пачырванелі вушы.
Ён думаў і маўчаў. А можа, проста маўчаў.
Грошык уступіў у ролю настаўніка:
– Глядзі, па малюнках на грашах можна правесці экскурсію па Беларусі. Во, на вялікай купюры – велічны, старажытны замак Радзівілаў у Нясвіжы. Бываў там?
– Неа.
– О, там цяпер музей! Паходзіш па яго залах і як бы адкруціш гадзіннік гадоў на трыста назад.
– Цікава! – толькі і вымавіў Янка.
– На беларускіх грашах, бачыш, ёсць нацыянальны мастацкі музей, Акадэмічны тэатр оперы і балета, Брэсцкая крэпасць-герой, Палац культуры прафсаюзаў, Мінскі палац спорту… Велічныя будынкі. Важныя для нашай краіны аб’екты. Помнікі архітэктуры…
– А хто гэта ўсё прыдумляе?
– Заказ на грошы робіць Нацыянальны банк Беларусі, галоўны банк краіны. Над эскізамі грошай працуюць мастакі розных накірункаў прафесіі: жывапісцы, графікі, дызайнеры, гравёры…
– Яны намалююць, і можна ўжо друкаваць грошы? – нецярпліва перапытаў Янка.
– Ага, як бы не так, – Грошык, як дзед-усявед, таямніча падміргнуў. – Трэба спачатку прыдумаць сакрэты . Для кожнай купюры свае.
Грошык падняў угору аднатысячную купюру, павярнуў яе да сонца:
– Што бачыш на белым полі збоку?
– Кветкі ў збанку.
– Такія ж, як і на сярэдзіне купюры?
– Ага.
– Дык ведай, Янка, – гэта і ёсць вадзяны знак. На ім як бы размыты вадой малюнак, які ёсць на самой купюры. Там можа быць выява ўсяго малюнка ці нейкай часткі яго. Як кажуць, фрагмент.
– А як робіцца гэта дзіва? – не цярпелася ведаць Янку.
– Слухай, усё адразу будзеш ведаць – хутка састарышся, – Грошык калабком пакаціўся па пакоі, стаў на свае кароткія ножкі і зафыркаў, як вожык. – От вырасцеш, от вывучышся, от станеш мастаком, от тады і даведаешся, як рабіць вадзяныя знакі. А цяпер пакуль запомні: вадзяны знак – сакрэт купюры. Яго падрабіць амаль немагчыма.
– Якія яшчэ сакрэты ёсць?
– Глядзі, на ўсіх дарагіх купюрах выціснуты абарончыя блішчоныя палоскі, як бы нечыя таямнічыя сляды. Яны розных колераў. На некаторых штрыхах выпісаны літары НБ РБ. А гэта расшыфроўваецца так: Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
– Здорава! А я і не ведаў.
– Прыгледзься, сакрэтаў на грашах шмат. На адной купюры, там, дзе напісаны кошт, мяняецца фарба з залацістай на зялёную. Ёсць нават мікратэкст, які можна разгледзець і прачытаць толькі пад вялікім павелічальным шклом…
– От бы паглядзець, як друкуюць грошы? – Янка нагадаў Грошыку сваё даўнейшае жаданне.
– Канечне, Яначка, такая “грашовая” друкарня вельмі ж сакрэтнае прадпрыемства. Яе называюць Манетны двор. Але для цябе чаго не зробіць Грошык са сваім таямнічым кошыкам.
Грошык надзьмуўся, як плавальны паветраны шар. Толькі і прапыхцеў:
– Сядай у кошык!.. Хутчэй!..
Калі прыляцелі на Манетны двор, Грошык папярэдзіў:
– Зараз мы станем невідзімкамі. Не палохайся. А галоўнае, не падавай голасу. Пазірай і запамінай…
Яны тут жа апынуліся ў вялізным будынку з высокімі столямі. Вось да металічнага станка падвезлі вялікі рулон паперы. Грошык шапнуў Янку: “Паперу на кніжкі робяць з драўніны. А для грошай – з лёну ці бавоўны”.
Рулоны паперы спецмашына парэзала на вялікія аркушы. Яны паступілі на друкаваную машыну. Адтуль па транспарцёры тыя аркушы як бы выплывалі бясконцай, шырокай стужкай. На іх ужо бачны былі грошы ва ўсёй сваёй красе.
Наступная машына выстуквала на грошах спецыяльныя нумары. Пасля аркушы разрэзалі па памерах грошай, і пачалі збіраць у пачкі ды ўпакоўваць іх. Усюды шчоўкалі аўтаматы-лічылкі.
Зазірнулі Грошык з Янкам і ў склад, дзе захоўваюцца аддрукаваныя грашовыя знакі. Тут Янка, як убачыў горы грошай, ледзь не парушыў тайную дамоўленасць – маўчаць. Яму хацелася крычаць ад здзіўлення…
Уладзімір ЛІПСКІ