Салдацкае сэрца
Понедельник, 15.06.2015 07:04. Рубрика: Вершы
Як запалкі, ламаліся сосны.
І снарадаў, і мін выццё.
Ішоў бой за паветра і сонца –
Ішоў бой за Радзімы жыццё.
Бег наперад баец з аўтаматам –
У няволі матуля яго.
Загарэлася сэрца салдата
Помсты гнеўнай нязгасным агнём.
Толькі раптам шалёная куля
Напаткала салдата не ў час,
Бы іголкай прашыла кашулю,
Моцна сэрца скавала – ураз.
Ды не згасла салдацкае сэрца,
Гневу сэрца не страшная смерць:
Сэрца помстай жыло для бяссмерця,
Яно ўмела любоўю гарэць.
З таго дня – і здалёку, і зблізку –
Каля дрэў безыменнай гары
Дзень і ноч над нямым абеліскам
Сэрца зоркаю яркай гарыць.
Свеціць сёння ласкавае сонца,
Ды каб болей святла нам было –
Сэрца тут, ля параненых соснаў,
Пасылае навокал святло.
Іван СТАДОЛЬНІК