Флейта
Ужо трэцюю летнюю раніцу Ліна прачыналася ад лагодных гукаў. І гэта быў не клапатлівы голас маці і не пяшчотнай коткі. Ужо трэцюю раніцу дзяўчынка прачыналася з першымі праменьчыкамі сонца, яна быццам чула, як яно жартаўліва выглядае з-за рэчкі. Ліна ішла ў пакой бацькоў, але яны яшчэ салодка спалі. Адкуль жа гэтыя чароўныя гукі?..
Яна ўбачыла ў расчыненае акно дзяўчыну, якая стаяла на балконе суседняга дома і прыціскала да вуснаў нейкую срэбную дудачку.
Дзяўчынка пазней даведалася, што гэта флейта. Музыка прыціскае яе да вуснаў і удзімае ў яе паветра, і мы чуем: нібы птушкі размаўляюць, ці расінку на траве асвяціў першы праменьчык сонейка, а недзе ўдалечыні журчыць празрытры ручай.
Ліна пазнаёмілася з дзяўчынай-флейцісткай і адразу ж запыталася, навошта яна ўстае так рана і іграе, а тая адказала:
– Таму што людзі толькі праз маю флейту пачуюць і ўбачаць у снах гэты цудоўны ранішні час.
І Ліна таксама захацела дарыць людзям раніцу. Наступнае лета пачалося ўжо з дуэту срэбных флейт.
Вальжына ПРОХАРАВА