Творчасць Вольгі Літвіновіч і Валянціна Лукшы
Чыстагаворка
Цягнічок-цягнічок,
Шпаркі твой рухавічок!
Прачынанка
Ільняны чубочак,
Пасварыся з сонікам,
Павітайся з сонейкам,
Бо ўжо пеўнік праспяваў,
Каб ты хуценька ўставаў.
З чыстае крыніцы,
Прынясу вадзіцы.
Ты памыйся, прыбярыся,
Малачка са мной напіся –
І бяжы сяброў гукаць,
Прачынанку ім спяваць.
Вучуся
Стукі-грукі, стукі-грукі,
Я вучуся без прынукі
З малаточкам і цвіком
Быць найлепшым сябруком.
Загадка
Едзе-едзе пакрысе,
Мае рожкі на страсе.
Валянцін Лукша
Авертайм
Не выпала нам трэці “А” адолець.
І як на лёс цяпер не наракай,
Свісток судзейскі кліча зноў на поле,
На авертайм –
Чацвёрты тайм.
Хвіліны нам адведзены і толькі,
Каб спрыт і ўмельства наша даказаць.
Я дружбаку свайму пасую, Кольку,
Яму зручней вароты прабіваць.
Ды шайба, як на зло, чапляе штангу
І ў залу анямелую – стралой…
Напэўна, трэба падбірацца з флангаў,
Пераламаць круты лядовы бой.
Раскручваецца схватка, як спружына,
Хоць мае кожны безліч гузакоў, –
Адважная лядовая дружына
Працягвае атакі зноў і зноў.
Чароўная літара
На адзіны ў свеце помнік
Падзівіцца
Еду ў Полацк.
Ні цару
І ні паэту
Ён узведзен,
Помнік гэты, –
Ў (нескладоваму).
Хоць яна дваццаць другая,
Свой сакрэт чароўны мае.
Без яе б
Зусім не бачыў,
Без яе б
Зусім не чуў,
Што ў віры жыцця гарачым
Бачыць я і чуць хачу.
Без яе б
Парою весняй
Нас жаўрук не цешыў песняй.
Без яе б
І кот не мяўкаў,
Шарык без яе б
Не гаўкаў.
Толькі з ёю,
Як крыніца,
Мова родная бруіцца.