Гісторыя пра Маленькага Кроціка
Глыбока пад зямлёй жылі-былі краты. Аднойчы вясной з’явіліся ў іх сям’і кроцікі. Цяпер дарослым даводзілася пашыраць і без таго вялікія падземныя ўладанні. Да вечара Бацька Крот так стамляўся, што ў яго ледзь хапала сіл на вячэрнія заняткі з дзецьмі. Добра паеўшы, ён уладкоўваўся на падлозе і распавядаў ім пра ўсё, што ведаў і ўмеў сам.
Неяк увечары крацяняты ўпершыню пачулі аповед пра лютага ворага ўсіх кратоў – падступнай і крыважэрнай ласкі, якая жыве недзе на паверхні зямлі. Самы Маленькі Кроцік, даведаўшыся пра страшную ласку, ніяк не мог уцяміць, як у яго можа быць вораг. Калі крацяняты падраслі, разбегліся па розных падземных лабірынтах, пайшоў сваёй дарогай і Маленькі Кроцік. Толькі, адрозна ад братоў, спяшаўся ён падняцца на паверхню зямлі. І, не шкадуючы сваіх лапак, узяўся за працу. Неўзабаве Маленькі Кроцік выбраўся з падзямелля. Усё вакол было для яго новым і незнаёмым: лёгкі ветрык гойдаў блакітны васілёк, некуды па сваіх справах спяшалася вялікая мурашка. Маленькі Кроцік смешна зморшчыў нос і старанна ўцягваў пах маладой травы і сагрэтай сонцам зямлі. Раптам пачуўся нейкі шум. Кроцік заўважыў двух незнаёмых звяроў, якія, гучна скуголячы і кусаючы адно аднаго, клубком каталіся па зямлі. Гэта была жорсткая бойка. Нарэшце пераможца адскочыў убок, яшчэ раз злосна зірнуў на свайго праціўніка і хутка слізгануў у яр.
Нейкі час Маленькі Кроцік моўчкі назіраў за нерухомым звярком, але, асмялеўшы, рызыкнуў наблізіцца. У незнаёмца была жаўтлява-бурая шубка, зусім кароткі хвосцік і доўгая шыя. Кароткія лапкі звярка былі скусаныя да крыві. Маленькі Кроцік асцярожна даткнуўся да яго сваім носікам. Ад нечаканасці звярок расплюшчыў вялікія цёмныя вочы і трывожна паглядзеў на прышэльца.
– Ты хто? – спытаў Маленькі Кроцік. – Ці магу я чым-небудзь дапамагчы?
– Я – Ласка, – ледзь чутна адказаў звярок.
“Дык вось ён які – мой самы страшны вораг, – падумаў Маленькі Кроцік, – зусім не страшны, а хутчэй слабы і бездапаможны”. Нечакана ў небе з’явілася вялікая птушка.
– Гэта страшны Каршун, – здрыгануўшыся ўсім цельцам адказала Ласка, – трэба хутчэй хавацца, але я не ў сілах варухнуцца.
Маленькі Кроцік, не раздумваючы, узяўся за звыклую працу. Сваімі дужымі пярэднімі лапкамі ён хутка выкапаў тунэль у зямлі і асцярожна прасунуў у яго ласку. Птушка выгледзела ахвяру і ўжо гатовая была стралой упасці ўніз. Але ўцекачы паспелі схавацца пад зямлёй. Ласка асцярожна залізвала раны, а Маленькі Кроцік з цікаўнасцю глядзеў на яе.
– Маленькі Кроцік, табе ўдалося выратаваць нас ад моцнага і бязлітаснага Каршуна. Упершыню сустрэла я такога адважнага і высакароднага Крата! Ніколі больш не пакрыўджу нікога з тваіх братаў, абяцаю табе.
Маленькі Кроцік быў шчаслівы. Больш не было ў яго ворага!
Людміла СТРУЖЭЦКАЯ
З рускай мовы пераклала Святлана БОГУШ