Над спаленай вёскай
Среда, 10.06.2015 07:47. Рубрика: Вершы
Над спаленай вёскай,
адзетай жалобным гранітам,
Званы адзываюцца
рэхам вайны незабытым.
Хай Вечны агонь,
што запалены ў памяць Хатыні,
Як рунь і як неба,
палае – зялёны і сіні,
Няхай яго полымя
жытам спякотным і спелым
Схіляецца ў ногі
Хатыні дварам скамянелым,
Парогу халоднаму,
прызбе маўклівай пры хаце,
Хай гора, заснуўшае ў камні,
прачнецца ў набаце.
Аркадзь КУЛЯШОЎ, народны паэт Беларусі