Пра гарэзлівага Паветрыка і саламяны капялюш
Дзевяцігадовы Юрась выбег з пад’езда свайго дома і сеў на лавачку, што стаяла пад разгалістым каштанам. Ён, відавочна, быў чымсьці ўсхваляваны. Але, калі б нават быў цалкам спакойным, дык наўрад ці заўважыў бы ў раннім лісці Паветрыка – маленечкую істоту, якую можна было б прыняць за іскрыстую мыльную бурбалку.
Праўда, пабачыць Паветрыкаў у іх рэальным выглядзе мала каму з людзей даводзілася. Але справа не ў гэтым. Пра Паветрыка трошкі пазней. Спачатку пра Юрасіка, які ўжо не першы дзень менавіта ў гэты час выбягаў з пад’езда і садзіўся на лавачку. З хвіліны на хвіліну ў двары павінна была з’явіцца Ларыска, ягоная аднакласніца – задавака з задавак, якую Юрасік не пераносіў! І разам з тым выбягаў з пад’езда, садзіўся пад каштан, каб яшчэ і яшчэ раз прадэманстраваць Ларысцы сваю абыякавасць. Ва ўсялякім выпадку так яму здавалася. Ларыска рабіла тое ж самае. Вось і цяпер, як толькі яна заўважыла Юрасіка, дык імгненна адвярнулася. Паправіла на галоўцы новы саламяны капялюшык і хуценька рушыла да суседняга пад’езда, размахваючы невялікім партфелем, у якім ляжалі ноты.
У суседнім пад’ездзе жыла настаўніца музыкі, да якой некалькі разоў на тыдзень і прыходзіла Ларыска. Дзяўчынка ўзбегла па прыступках, гучна зачыніла за сабою дзверы пад’езда. А Юрасік чамусьці ўспомніў, як учора ў школьным буфеце ён хацеў падаць Ларысцы шклянку з кампотам, а яна толькі фыркнула ў адказ. І тут жа папрасіла падаць кампот Валерку, з якім сядзела за адной партай. Вух, як жа хацелася Юрасіку тады падставіць Валерку падножку, ён ледзь стрымаў сябе.
“Больш ніколі нават не падыду да яе ў буфеце”, – падумаў Юрасік і падняўся з лавачкі. У гэты момант ён і пачуў голас:
– А дзяўчынка сёння не будзе займацца музыкай.
Юрасік зірнуў уверх, адкуль чуўся голас, і запытаўся:
– А ты адкуль пра гэта ведаеш?
– Я не ведаю, я бачу са сваёй галіны! Дзяўчынка зайшла ў кватэру, і тут нехта патэлефанаваў настаўніцы. З-за гэтага званка яна, відаць, і адмяніла ўрок. Цяпер штосьці дыктуе, а дзяўчынка запісвае ў сшытак.
Юрасік глядзеў уверх і нікога не бачыў між голля. Таму зноў запытаўся:
– А ты хто? Як ты можаш з галіны праз акно бачыць настаўніцу і Ларыску, калі я цябе на каштане не бачу?!
– Ты і не можаш мяне пабачыць, – пачулася ў адказ. – Я – Паветрык, самы лёгенькі Дух. Адны Духі жывуць у бутэльках, іншыя – дзе-небудзь пад печчу, а я – на галіне! Зразумеў?
Юрасік задумаўся. У пачутае верылася з цяжкасцю, і ён вырашыў удакладніць:
– І што, ты ўвесь час жывеш на гэтым каштане?
– Ды я тут выпадкова, – адазваўся Паветрык. – Мы, Паветрыкі, звычайна лётаем у паветры гуртам. Я лётаў з братамі і пачаў залішне выдурняцца. Яны абазвалі мяне дуронікам і пакінулі на галіне гэтага каштана. Самі ж паляцелі ў нябесныя вышыні, дзе хочуць перамовіцца з Касмічнымі струнамі, каб тыя дапамаглі адной добрай істоце.
Юрасіку хацелася распытаць у Паветрыка і пра Касмічныя струны, і пра нейкую добрую істоту. Але тут з суседняга пад’езда выйшла Ларыска. І ўжо не з галіны, а зусім побач Юрасік пачуў шэпт Паветрыка:
– Браты хочуць дапамагчы адной істоце, а я дапамагу табе!
І – о, дзіва! Не паспела Ларыска саскочыць з апошняй прыступкі, як нейкая сіла сарвала з яе галавы саламяны капялюшык і панесла, закруціла яго ў паветры. Ён то ўзнімаўся ўверх, то апускаўся і ўсё далей і далей адлятаў ад Ларыскі.
– Ай-яй, – крычала дзяўчынка. – Мой капялюш! – і яна літаральна ўзмалілася: – Юрась! Юрасік! Ну дапамажы ж ты мне! Я ніяк не магу яго ўхапіць!
І Юрасік пабег за капелюшом, які ў нейкі момант нібыта застыў у паветры. Тут яго і ўхапіў Юрасік. Калі ён аддаваў капялюшык Ларысцы, яна з захапленнем глядзела на яго і ўсё прамаўляла, прамаўляла:
– І як табе ўдалося? Як удалося? Калі б не ты, немаведама дзе зараз быў бы мой капялюш! Ты цяпер самы лепшы мой сябар. А хочаш, трошкі пасядзім разам пад каштанам на лавачцы?
А Паветрык у гэты момант ужо апусціўся на каштан. Ён сядзеў на самай высокай галіне і думаў: “А мы, відаць, не такія ўжо і ліхія Духі, якімі звычайна нас лічаць людзі. Браты, напэўна, ужо дзесьці размаўляюць з Касмічнымі струнамі, каб дапамагчы адной добрай істоце, а я дапамог хлопчыку пасябраваць з дзяўчынкай, якая, відно, яму ўжо даўно падабаецца”.
Раіса Баравікова
(Пра Вадзеніка і яго дачок Азярніц чытайце ў сёмым нумары)