Парасонік
Пра тое, што ў доме з’явіўся Парасонік, Тошка даведаўся зусім выпадкова. Ну, проста корпаўся ў ахайна складзенай мамай пасцельнай бялізне (трэба ж было з чагосьці рабіць дах для палаткі) – і наткнуўся.
Парасон быў новенькі, сіні. З бліскучай барвовай ручкаю і вясёлкамі на сінім полі. І яшчэ ён быў значна лягчэйшы, чым татаў. Тошка здагадаўся: гэта падарунак. А ў каго хутка дзень нараджэння? Правільна, у яго самога! Хлопчык так узрадаваўся свайму адкрыццю, што, заскакаўшы, ледзьве не ўпаў.
Вядома ж, больш за ўсё на свеце Тошку карцела выцягнуць Парасонік з шафы… Але ён быў разумны хлопчык, і яму зусім не хацелася псаваць бацькам свята.
Увесь гэты дзень Тошка вяртаўся ў думках да Парасоніка. Уяўляў яго складзеным і раскрытым. То падыходзіў, задумаўшыся, да шафы, то хацеў бегчы да мамы, каб распавесці вялікую таямніцу. Ну навошта чакаць дня народзінаў? Увечары Тошка нават адмовіўся вячэраць, хоць на стале была яго любімая тварожная запяканка. Нават мама занепакоілася.
Але, на шчасце, усё праходзіць, і праз колькі дзён, захоплены сваімі справамі і клопатамі, Тоша забыўся на выпадковую знаходку.
І вось аднойчы раніцай ён, прашлэпаўшы босымі нагамі на кухню, знайшоў на стале прыгатаваны мамай торцік. А на ім – салодкім белым крэмам – Тошава імя. Хлопчык зразумеў: дзень нараджэння надышоў!
Калі ў абед мама прыйшла з працы, яна расцалавала хлопчыка ў абедзве шчочкі, паставіла на торт маленькія свечкі і прынесла з пакоя падарунак – Парасон.
– Парасон! Мне! – закрычаў ад радасці Тоша. Ён, вядома, успомніў, што з Парасонікам ужо знаёмы, але ўсё адно было вельмі прыемна, што ў яго з’явілася такая сур’ёзная рэч.
Торт пакінулі на вечар, а пакуль мама паабяцала ў гонар свята ўзяць Тошку з сабой на працу. Хлопчык хуценька апрануўся, і, хоць на вуліцы смяялася сонейка, проста не змог пакінуць Парасонік дома: а раптам, пойдзе дождж? Ну раптам?
Тоша бег то паперадзе мамы, то крыху адставаў. А ўздоўж тратуара ўздымаліся аблокі бэзу, і сонца асляпляла вокны дамоў…
І хоць ніхто так і не выйшаў у гэты дзень з дому з парасонам, Тошу гэта не збянтэжыла. У яго быў Парасонік, а значыць – права на цуд.
– Міленькі такі! Мой Парасончык, які ты прыгожы! – паглядзеў ён на падарунак і націснуў бліскучую белую кнопку. У той жа момант выпырхнулі-выпрасталіся вясёлкі на сінім фоне. Ён закружыўся з Парасонікам у руках – і раптам пачуў глухі стук зверху, як быццам шмат рук маленькімі пальчыкамі забарабанілі ў дзверы: гэта на парасон пачалі падаць буйныя свежыя кроплі дажджу.
– Дзіўна, як быццам і хмар зусім не было, а дождж пайшоў. Грыбны… – прамармытаў, накідваючы на галаву пінжак, цыбаты дзядзечка, прабягаючы міма.
– Цуд сапраўдны! – сказала мама.
І толькі Тоша быў упэўнены: толькі так і магло быць.
Вольга Савуціна