Адэля адкрывае ў сабе кулінарны талент
Вітаю, дружа! Хачу пазнаёміць цябе з вясёлай і кемлівай авечкай Адэляй, якая стала галоўнай гераіняй маёй кнігі “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by”. Яна жыве і працуе на ферме “Каляроўка”. Кім працуе? Вядома ж, авечкай! У яе абавязках – гадаваць шаўкавістую воўначку на прыгожыя швэдры, сукенкі і цёплыя валёнкі. Адэля вельмі абаяльная, але няўрымслівая і ўпартая асоба, упэўненая ў сваёй выключнасці. Яна нястомна шукае і адкрывае ў сабе ўсё новыя і новыя таленты.
Адэля нецярпліва ёрзала на канапцы, пільна назіраючы за тым, як Малімонка разразае торт. Козачка вельмі старалася, каб кавалачкі атрымліваліся аднолькавыя і ўсім гасцям пароўну дасталася прыгожых цукровых кветачак. Ды Адэля была ўпэўнена, што яна справілася б спрытней і хутчэй. Але гаспадыня гэтай гасціны – Малімонка, таму трэба чакаць. Трэба, ды што рабіць, калі Адэльчына цярпенне лопнула, як мыльная бурбалка яшчэ хвіліну таму. Адэля падхапілася з канапкі.
– Малімоначка, кідай завіхацца! Давай дапамагу. Ты, пэўна, чыста капыткі збіла, пакуль з крамы такі вялізны торт прынесла!
– Дзякуй, Адэлька. Я ўжо амаль скончыла. Падавай талеркі, буду накладваць торт. Перш для Даліктусі, тады для Рахманчыка, для Баранчыка, ну і для нас з табою.
Адэля ўрэшце атрымала свой кавалак торта і з задавальненнем схапілася яго есці. Дарэчы, як і астатнія Малімончыны госці.
– Смаката! Ну і торцік! За вушы не адцягнеш ад такога смакоцця! – наперабой хвалілі яны. – Як называецца? У якой краме набывала?
Малімонка сціпла прызналася:
– Я сама яго спякла.
Усе ўхвальна заківалі галовамі.
– Малайчына, Малімоначка!
Толькі Адэля незадаволена засапла:
– Нешта не верыцца! Калі гэта ты паспела?
– Сёння пасля працы… – пачала Малімонка, але Адэля перапыніла:
– Але ж ты і хвалько, Малімонка! Падумаеш, торт спякла. І нават не торт, а так, булку нейкую!
– Адэля, ці ж так можна? Малімонка старалася! Вунь як смачна і прыгожа атрымалася! – наперабой загаварылі ўсе.
Адэля сядзела з незадаволеным выглядам і барабаніла капытком па стале.
– Проста ты забылася, Адэлька, – прымірэнча сказала козачка. – У мяне ж кулінарны талент.
– Што?! – падскочыла Адэля. – Кулінарны талент? Дык ён, пэўна, і ў мяне ёсць! Трэба тэрмінова праверыць!
– Ты лепш пі гарбату, пакуль яна цёплая, ды торцікам заядай.
Адэля крышку супакоілася.
– Добра, але пасля праверу спіс сваіх талентаў!
Уяўляеце, у Адэлі сапраўды ёсць такі спіс! У ім пазначана, што Адэлька выдатная танцорка, спявачка, модны дызайнер, мае выключныя арганізатарскія здольнасці… Яна вельмі любіла папаўняць гэты спіс, і быў ён ужо дастаткова доўгім, але кулінарны талент у спісе не значыўся!.. І Адэля ў гэтым упэўнілася адразу, як толькі дабралася да свайго пакойчыка і прабегла вачамі паперку, што вісела на сцяне ў прыгожай рамачцы.
– Што за несправядлівы свет! – зноў насупілася авечка. – У козачкі ёсць кулінарны талент, а ў мяне – не! Быць такога не можа! – нервавалася Адэлька.
Але раптоўная здагадка імгненна палепшыла яе настрой.
– Проста я гэты талент яшчэ не адкрыла!
Адэля рашуча накіравалася на гаспадарскую кухню, зачыніла дзверы, дастала муку, масла, цукровую пудру, соль. Вялікая міска і міксер таксама падаліся ёй неабходнымі.
Што там рабілася, што дзеелася – ніхто не бачыў. З кухні чулася бразгатанне посуду і Адэльчына буркатня. Гадзіны праз дзве Адэля вытыркнулася з кухні, агледзела калідор і, не заўважыўшы нічога падазронага, шмыгнула за дзверы на вуліцу. Яна трымала невялікі пакуначак і накіроўвалася ў кандытарскі цэх, што знаходзіўся непадалёк ад фермы “Каляроўка”.
На раніцу, калі ўсе гадаванцы фермы сабраліся на сняданак, Адэля з загадкавым выглядам паставіла на стол вялізную місу, поўную прыгожых жоўценькіх ражончыкаў.
– Вось, частуйцеся, – гасцінна прапанавала яна сябрам.
– Што гэта, Адэлька? – загаманілі ўсе і пацягнуліся да ласунку.
– Гэта – кукурузныя палачкі “Адэлька”. Смачныя, салодкія і лёгкія.
– Смачненька! – пахваліў Баранчык, які адразу адправіў у рот цэлую жменю хрумсткіх ражончыкаў.
– Дзіва што! Сама зрабіла, – Адэля салодка пацягнулася. – Паўночы валэндалася!
Колькі хвілін Адэлька ўсцешана назірала, як сябры частуюцца кукурузнымі палачкамі ды задаволена слухала ўхвальнае прыцмокванне.
– Як бачыце, не толькі ў Малімонкі ёсць кулінарны талент! – пераможным тонам заявіла яна. – Вы ласуйцеся, а я пайду. Новы талент трэба занесці ў спіс!
Наталля БУЧЫНСКАЯ