Дзецi вайны
Была вайна. І дзень, і ноч вайна. Яна балюча і жорстка пракацілася па маім дзяцінстве. Мне ішоў шосты гадок, калі нямецка-фашысцкія захопнікі ўварваліся на нашу родную беларускую зямлю. Я хавалася ад ворагаў у акопах, зямлянцы, зведала смак хлеба з асцюкоў, жмыху, шчаўлюку і пукоў “плюшак” з перазімавалай у полі бульбы. Перанесла два тыфы без лекаў – сыпны і зваротны. Цягала з дарослымі плуг і барану. Па мне стралялі з самалёта, калі мы з мамай збіралі шчаўе на лузе, і калі мама, я, сястра і брат уцякалі ад карнікаў у лес – па нас стралялі два варожыя кулямёты з даху школы. Лёс выратаваў мяне.
Здраднік паліцай данёс немцам на маці, маіх бабуль і дзядулю, што яны дапамагаюць партызанам. Таксама паказаў карнікам акопы, у якіх хавалася моладзь. Маці і дзядулю на допыце да чарнаты збілі ножкай крэсла і гумавай палкай. Бабуль хацелі павесіць, цудам уратаваліся. У акоп з моладдзю – сем дзяўчат і хлопец – карнікі пусцілі газ. Хлопец уцёк. Пераканаўшыся, што гэта не партызаны, фрыцы пайшлі з паліцаем да іншых акопаў.
Вельмі цяжка паміралі дзяўчаты. Тры маці страцілі па дзве дачкі, чацвёртая – адзіную дачушку. Іх пахавалі ў брацкай магіле. Паліцая партызаны пакаралі.
У лясной зямлянцы з калючай пасцеллю я, мой васьмігадовы брат і наш дванаццацігадовы дзядзька некалькі начэй былі адны. “Смалінка-слязінка ўпала з сасны. Без маці ў зямлянцы спяць дзеці вайны. І ёлкі, і сосны да самага ранку ледзь чутна спявалі малым калыханку” – гэта радкі з маёй паэмы “Пра дзяўчынку Галінку”.
Вялікае гора, агромністыя страты і цяжкія пакуты вынес наш народ. Вайна забрала ў мяне бацьку, трох братоў і сястру, падарвала здароўе маці, бабулям, дзядулям і мне. Няма даравання вайне!
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ