Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек. Гісторыя другая: надзея ўратаваць каралеўства
Ледзь ступіла Румзаніда на ганак – зноў за сваё ўзялася! Голасу як дала – ажно комін на хатцы ўбок нахіліўся і дзверы расчыніліся. А насустрач Румзанідзе выйшла гаспадыня – спадніца тканая, кашуля вышываная, на каптуры – птушкі, завушніцы ў вушках. Красуня!
– Што ты галосіш, Румзаніда? – строга спытала яна. – Сваё каралеўства пад ваду адправіла і маю гаспадарку знішчыць хочаш? Сцеражыся! Варта мне рукамі пляснуць – і знясе цябе віхура ў той самы Цёмны лес, куды ты ляльку-Зольніцу выправіла.
Трэба сказаць, што трапіла прынцэса Румзаніда па салёным моры ў Краіну Лялек, а распісны човен даставіў яе акурат да хаткі гаспадыні гэтай краіны – Майстрыцы Залатыя Рукі. Прынцэса моцна здзівілася, што ледзь не на краі свету пра яе подзвігі ведаюць. Яна нават галасіць перастала і застыла з раскрытым ротам. Варона якраз над хатай ляцела, дык ледзь Румзанідзе ў рот не трапіла. Ажно гаспадыні хаткі смешна стала, а пасля і шкада Румзаніды. Хоць і натурыстая прынцэса, але ж – дзіця. Узяла яна Румзаніду за руку, у хатку прывяла. Вадой твар умыла, ручніком абцерла. За стол пасадзіла, кашай грэцкай накарміла. А Румзаніда не перабірае ўжо – згаладалася, пакуль на чоўне плыла. Пад’ела, лыжку на стол кінула – а дзякуй аддаць забылася. Зноў спахмурнела гаспадыня.
– Куды глядзяць твае бацькі, Румзаніда! – кажа. – Нават дзякаваць дачку не навучылі!
– А, татка ад ранку да ночы з суседнімі каралеўствамі ваюе, а мамка ад ночы да ранку на балях танчыць, – махнула рукой прынцэса. – Мяне нянькі гадуюць, а яны – не ўказ!
– Я і бачу, – кажа гаспадыня. – Але ж у маёй краіне з такім выхаваннем прападзеш.
– А я і не хачу тут жыць, я ў свой замак хачу! – тупнула ножкай Румзаніда.
– Ты, прынцэса, ножкаю не тупай! – строга сказала Майстрыца Залатыя Рукі. – Трымаць цябе тут я не збіраюся, але ж і адпускаць цябе няма куды!
Вой, і праўда! Каралеўства ж пад зямлю правалілася! Толькі цяпер усвядоміла Румзаніда, што здарылася, і зноў загаласіла.
– А што цяпер мне рабіць? Ы-ы-ы-ы-ы!
– Па-першае, сціхні! – схапілася за галаву Майстрыца Залатыя Рукі. – Краіне Лялек і так ужо твае крык і слёзы гукнуліся! У Выцінанкавым Лесе дрэвы віхурай павыварочвала, у Гліняным Горадзе падмуркі марской вадой падтачыла. Адновіш усё сваімі рукамі – зможаш у Цёмны лес трапіць, Зольную ляльку знайсці. Выпрасіш у яе даравання – можа, і каралеўства сваё ўратуеш!
– А я ж толькі плакаць і сердаваць умею, – разгубілася прынцэса. – Сваімі рукамі я нічога не раблю! Як той лес аднаўляць? І горад?
– Цяжка будзе! – пагадзілася Майстрыца Залатыя Рукі. – Ну, але чым магу – дапамагу. Нездарма ж цябе човен да маёй хаты прывёз. Вучыцца будзеш, прынцэса?
А што застаецца яшчэ Румзанідзе? Каралеўства ж вярнуць назад хочацца, бо ў чужых землях галасіць і нагамі тупаць не даюць! Згодна ківае галавой Румзаніда: “Патрываю, куды дзенешся!”
– Каб трапіць у Цёмны лес, – кажа Майстрыца Залатыя Рукі, – трэба па землях Краіны Лялек прайсці. А для гэтага патрэбна лялечак з анучак навучыцца майстраваць. Тады і астатняя работа складанай здавацца не будзе.
Цяжка ўздыхнула Румзаніда. Вядомая справа – дасюль работа прынцэсы была паесці, паспаць, прыбрацца ды пакамандаваць. Зусім не хочацца свае белыя ручкі працай нагружаць!
А Майстрыца Залатыя Рукі як не чуе яе ўздыхаў.
– Першая лялька, якая табе ў дарозе спатрэбіцца, завецца Адарачак на падарунак. Зусім малыя дзеці робяць яе і дораць наўзаем таму, хто гасцінец ім дасць ці навучыць нечаму. Лялечка гэтая лёгка робіцца, на выгляд простая – а сіла ў ёй магутная закладзена. Таго, хто яе зробіць ды адорыць іншага чалавека, яны вучыць быць да людзей уважлівым, удзячным.
От жа Майстрыца Залатыя Рукі – нагадала прынцэсе, як, паеўшы, падзякаваць тая забылася! Румзаніда толькі ўгневацца сабралася, а Майстрыца на стол выклала рознакаляровыя анучкі, ніткі – у прынцэсы ад цікаўнасці вочы загарэліся, а гнеў сам сабой мінуў!
Румзаніда стараецца, анучкі завівае і развівае, бо з непрывычкі пальчыкі ў яе не гнуцца, спіна баліць, таму і лялечка, хоць і самая простая, адразу не атрымліваецца. Але ж прынцэса ўпартая, не адступае! І гэтым разам тое толькі на карысць справе…
А пакуль Румзаніда вучыцца, ёсць і ў нас час ляльку Адарачак скруціць. Вам спатрэбіцца кавалачак ільняной альбо баваўнянай тканіны 25 х 13 см для тулава; палоска тканіны 2,5 х 20 см для галавы; ніткі. Майце на ўвазе: лялечка скручваецца адной ніткай, якая адрываецца толькі ў канцы працы.
Спачатку скручваем аснову для галавы з вузкай паловы тканіны. Скручваем яе туга, а пасля, як паказана на схеме, “галаву” закручваем у большы кавалак тканіны, абавязкова разгладжваючы складачкі, каб тварык у лялечкі быў гладкім. Вочы традыцыйным народным лялькам – у тым ліку і Адарачку – не малююць.
А цяпер згадайце людзей, якім вы ўдзячныя, і накруціце лялечак для іх. Пачніце адорваць самых блізкіх – маму з татам, бабулю з дзядулем, любімую настаўніцу, сяброўку. Адным словам, тых, хто вас нечаму важнаму навучы.
Алена МАСЛА
Пачатак: http://www.veselka.by/?p=7255