Вялікдзень
Нам з сястрой сказала мама Рая:
“Сонейка купаецца і грае!
З кубка, у якім ляжыць яечка,
Умывайцеся, мае сардэчкі!”
Соль, ваду і маляванкі ў храме
Асвяціла мамка золкім раннем.
– Выбачай, цябе не возьмем, кошка,
Не табе падрыхтавалі кошык!
На Вялічка для бабулі роднай
Мы збіраем кошык Велікодны.
Пасху з тварагу, разынак, маку
Пакладзем ды іншыя прысмакі.
Наладуемся як след, а потым
На аўтобусе паедзем “сотым”…
Бабу Ліду тройчы пацалуем,
Ад яе “Хрыстос уваскрос!” пачуем,
“Уваскрос напраўду!” – ёй адкажам
І ручнік на кошыку развяжам,
Стол накрыем і зацеплім свечку,
Прачытаем “Ойча наш” адвечны…
Будзем з ёю ў біткі мы гуляцца,
Сочывам, вяндлінай разгаўляцца,
Запіваць гарбатай джэм з маліны
І расказваць школьныя навіны,
Слухаць казкі і развучваць песні
Пра Любоў, якая уваскрэсла…
Уладзімір Сіўчыкаў