Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
4. Чароўная картка
Калі крыху перакусілі ў казачным кафэ, Грошык і Янка пачалі размаўляць. Грошыку падабалася Янкава цікаўнасць да ўсяго. А Янка радаваўся, што яго новы сябар ведае шмат таямніц. Асабліва пра грошы.
– Слухай, Янка, – кажа Грошык, – чым адрозніваецца мара ад явы?
– Ну, як гэта сказаць, – задумаўся Янка, ажно вушы яго пачырванелі. – Ну, пра мару можна марыць, збудзецца яна ці не… А ява – гэта во, што цяпер… От мы сядзім у кафэ “Казка” і ядзім марожанае…
– Слухай, ты – філосаф!.. – пахваліў Грошык свайго вучня, – правільна мысліш. Але я б не быў Грошыкам, каб не скіраваў твае думкі крыху ў іншы бок.
– Як гэта? – зацікавіўся Янка.
– Глядзі: каб нейкая твая мара здзейснілася, хочаш – не хочаш, а спатрэбяцца грошы. Ты, казаў, марыш мець гоначны веласіпед.
– Ага, вельмі мару.
– Дык вось, на тваю мару трэба адкладваць, збіраць, накапліваць грошы.
– Вырошчваць у банку, – падказаў Янка.
– Малайчына, твой уклад у банк пачаў ужо расці… Карацей, грошы на любую тваю мару – гэта заўтрашні дзень. А за яву, за сённяшнія расходы трэба разлічвацца зараз.
Грошык кіўнуў афіцыянту:
– Давайце рахунак.
– Навошта ён нам?.. Нічога ўжо не хочацца… – няўпэўнена, ціха сказаў Янка.
– Рахунак, мой сябар, – гэта паперка, на якой касір выстукае суму аплаты, за нашу яду.
Пакуль Грошык тлумачыў, ім прынеслі рахунак. І тут Янка пачуў ад Грошыка фразу, якую не зразумеў адразу.
– Мы будзем разлічвацца не наяўнымі грашыма, а банкаўскай карткай.
– Добра, – пагадзіўся афіцыянт і тут жа падаў невялікі пераносны касавы апарат.
Грошык выняў з таямнічага кошыка пластыкавую картку, утыркнуў яе ў проразь апарата. На цыферблаце набраў нейкія чатыры лічбы, вядомыя толькі яму. А пасля націснуў на зялёную клавішу. Апарат ціха загудзеў і выдаў квіток, на якім была выбіта сума аплаты.
– І што, ужо заплачана?.. Без папяровых грошай?.. Можам ісці?.. – загарэліся вочы ў Янкі.
– Так, мы нічога нікому не павінны.
– Крута! – выгукнуў Янка і тут жа азадачыў Грошыка. – От бы мне такую чароўную картку.
– А што, банк “Грашовы куб” можа выдаць. Толькі туды ты павінен прыйсці з татам ці з мамай.
– Я ўгавару іх. Яны паслухаюцца мяне, – ледзь не скакаў Янка.
– А цяпер паслухай мяне, – па-настаўніцку строга сказаў Грошык. – Для афармлення дзіцячай карткі спатрэбіцца твая фотка. А калі захочаш, на картцы могуць змясціць твой малюнак, вобраз твайго любімага героя з мультфільма…
– О, клёва!.. Слухай, Грошык, а ці дазволіш твой партрэт заляпіць на маю банкаўскую картку? – Янка ўмольна пазіраў на свайго сябра.
– Што ж, я згодзен, – адказаў Грошык і прадоўжыў свой урок. – Толькі помні: банк аформіць табе картку, калі нехта з тваіх бацькоў з’яўляецца кліентам банка.
– І я тады змагу з карткай, без грошай хадзіць у магазін, у школьны буфет? – здзівіўся Янка.
– Можаш, калі бацькі перавядуць на тваю картку пэўную суму грошай. Тады ты зможаш нават аплаціць за размовы па мабільніку, паслугі за інтэрнэт, – Грошыку прыемна, што Янка так жыва цікавіцца ўсім, і ён з кожнай хвілінай рабіўся ўсё больш бадзёрым, натхнёным. – Ды ты, Яначка, са сваёй карткай будзеш хадок хоць куды. Па ёй цябе прапусцяць праз турнікет у школу. Абслужаць у бібліятэцы, у камп’ютарным класе, у гарадскім транспарце…
– Ух ты! – вочы Янкі блішчалі, як зоркі ў небе.
– Толькі я цябе павінен папярэдзіць, – Грошык строга паглядзеў на Янку. – Картку не губляць! Нікому не даваць для карыстання! А пін-код, сакрэтны пароль з чатырох лічбаў, трымай у памяці. Яго могуць ведаць, апроч цябе, толькі мама і тата. Зразумеў?
Янка ўзяў руку пад казырок, як гэта робяць ваенныя:
– Дакладна зразумеў, мой шэф!
Грошык задаволены кемлівым вучнем. Можна і развітвацца, але ён вырашыў задаць яшчэ адно пытанне:
– А як ты думаеш, чаму банк робіць дзецям свае мудрыя карткі?
Янка задумаўся:
– Ну-у-у, можа, гэта… Каб дзецям не даваць грошы… Думай, дзе іх схаваць… Каб не згубіў… Каб хто не ўзяў…
– Ты правільна разважаеш, Янка, – пахваліў Грошык. – А цяпер прыкінь: калі купюры грошай насіць па кішэнях, у сумках, кашальках – хочаш – не хочаш, а яны зношваюцца, псуюцца, рвуцца. Іх спісваюць. А каб зрабіць новыя грошы, патрэбны вялікія фінансавыя сродкі.
– Мы можам пабываць там, дзе друкуюцца грошы? – Янка ўмольна зірнуў на Грошыка.
А той толькі загадкава ўсміхнуўся.
Працяг у наступным нумары.
Уладзімір Ліпскі