Іван з Беларусі
Вторник, 28.04.2015 11:07. Рубрика: Вершы
Я нямала на свеце пражыў,
Я стаптаў цяжкіх ботаў багата,
Але дзе б я ні быў, ні хадзіў,
Помніў нашу маленькую хату.
Помніў пошум палёў і бароў,
І лугі ля ракі, і дуброву.
Помніў скрозь я і ў сэрцы бярог
Мілагучную матчыну мову.
Я і з рускай на “ты”, я ёй – свой,
Стала роднай яна мне ў паходах.
Але думы ўсе думаў на той,
Што ад маці прыняў назаўсёды.
Ва ўсім свеце прызналі мяне,
Незламанага ў буры і скрусе,
Калі я на рэйхстага сцяне
Распісаўся: “Іван з Беларусі”.
Іван МУРАВЕЙКА
Іван МУРАВЕЙКА (нарадзіўся 21.10.1921) – беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Для дзяцей напісаў кнігі “Ручаінкі”, “Вось якія мы”, “Пра работу і ляноту”, “Сем колераў вясёлкі”, “Я прыдумаў казку” і іншыя.