Выдатнікі Грошыка
Адказы на пытанні і заданні Грошыка з № 1:
Першыя выдатнікі “Школкі Грошыка” – Максім Краўцэвіч, вучань 3 “В” класа СШ № 9 г. Кобрын, і Крысціна Барэль, вучаніца 3 класа Дабравольскай школы (Свіслацкі раён).
Максім Краўцэвіч склаў такія словы з літар слова “Грошык”: кошык, Гошык, шок, горш, кыш, горы, шык. І напісаў такое апавяданне:
У бабулі на гары жыў кошык. Дзед сплёў кошык з лазы. Да яго прыехаў у госці ўнучак Гошык. У бабулі і дзядулі кошык жыў з шыкам. Гошык з кошыкам хадзіў у лес па грыбы. У лесе ён сустрэўся з ваўком і атрымаў шок. Гошык часта гуляў на двары і крычаў на курачак: “Кыш, кыш”.
Крысціна Барэль так растлумачыла сэнс прымавак:
Ката ў мяшку не купляюць: трэба ведаць добра тую рэч, якую збіраешся набываць. Грошы камень б’юць: за грошы можна многае купіць, яны шмат у чым дапамагаюць. Лёгка грош пражыць, а як яго нажыць: каб патраціць грошы, вялікага клопату не трэба, а вось каб зарабіць іх, патрэбна працаваць.
Максім і Крысціна ведаюць такія казкі пра казу: “Воўк і сямёра казлянят”, “Каза-манюка”, “Ліса і казёл”, “Каза-дзераза”, “Сястрыца Алёнушка і братка Іванушка”, “Пра казу і барана”, “Смелая каза”, “Каза і дзед”.
Максім мяркуе, што Грошык вырашыў пасябраваць з казой, бо яна дае вельмі карыснае малако, з яе шэрсці можна вязаць рукавіцы і шкарпэткі. А калі гэта ўсё прадаваць, то будуць грошы.
А Крысціна думае, што каза хітрая і разважлівая жывёла, таму Грошык і сябруе з ёй.
Правільна разгадалі выдатнікі “Школкі Грошыка” рэбус. Адказ – Грошык.
Крысціна БАРЭЛЬ
Каза і Грошык
Жыў ды быў на свеце Грошык,
Меў ён грошай поўны кошык.
Неяк ён сустрэў казу,
Якая ў лесе драла лазу.
– Здарова, Каза, як справы твае?
Каза адказала:
– Нічога сабе.
Цяпер жыву ў лесе, прагналі мяне
За тое, што з’ела капустку ўсю, ме-е…
А ты знайшоў шчасце? – спытала Каза.
– Вядома, знайшоў, – ёй адказвае Грошык. –
Цяпер у мяне многа новых сяброў,
І я іх зрабіў больш шчаслівымі трошкі.